Глядзіце, як стваралі кветкавыя клумбы, якія ўпрыгожылі пешаходную вуліцу Браслава

Актуальное Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Нядаўна ў браслаўчан з’явілася нагода лішні раз прагуляцца па гарадской пешаходнай вуліцы. Справа ў тым, што ўздоўж стадыёна па роўнай лініі акрэсліліся 9 арыгінальных па сваім афармленні кветнікаў. Гэта вынік абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод рабочых зялёнага будаўніцтва сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Шосты год запар яго арганізуе галоўнае ўпраўленне ЖКГ Віцебскага аблвыканкама сумесна з галіновым прафсаюзам. А вось прапіска штогадовага конкурсу кожны раз новая, бо прымеркаваны ён да святкавання вынікаў працы аграрыяў Прыдзвіння. Таму сёлета яго правялі менавіта ў Браславе.

Дзевяць каманд з Віцебска, Полацка і Наваполацка, Верхнядзвінска, Чашнікаў, Пастаў, Глыбокага, Докшыцаў і Браслава спачатку падалі ў арганізацыйны камітэт эскізы сваіх клумбаў, а потым на аднолькавых па памеры зямельных участках, загадзя падрыхтаваных «Браслаў-камунальнікам», увасаблялі іх у рэальнасць. Гэтаму, праўда, папярэднічала тэорыя з дзесяці тэставых пытанняў па правілах азелянення і тэхнікі бяспекі, але ж канкрэтная справа, безумоўна, найважнейшая.

На працягу дзвюх гадзін канкурсанты бесперапынна завіхаліся над стварэннем сваіх кветкавых кампазіцый. Чорныя кавалкі зямлі на вачах напаўняліся незвычайнымі формамі і колерамі. Урэшце арыгінальныя клумбы з элементамі дэкору, якія падкрэсліваюць асаблівасці беларускай самабытнасці і мясцін малой радзімы, былі прадстаўлены на суд журы.

Дыплом і кубак пераможцаў атрымала каманда дзяржаўнага прадпрыемства «Наваполацкая спецаўтабаза» з кампазіцыяй «Мая малая радзіма», апярэдзіўшы на некалькі балаў камунальнікаў з Пастаў. Не спасаваў у конкурсе прафмайстэрства і яго дэбютант: кветнік «Браслаўкамунальніка» з элементамі прыроды, не парушанай цывілізацыяй, прыцягнуў увагу журы, якое палічыла, што браслаўчане па праве заслугоўваюць пашаны на трэцяй прыступцы п’едэстала.

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.