Галоўны аграном «Агравідзаў» расказала, чаму ў гаспадарцы замарудзіўся другі ўкос траў

Экономика и финансы
Амаль не перапыняецца ход корманарыхтоўкі ў гаспадарках раёна. На ўраджайнасць траў, безумоўна, падзейнічала майская засуха, якая, па-першае, адцягнула працэс на некалькі тыдняў, па-другое, перашкодзіла набраць першым укосам добрую масу. Ёсць і іншыя прычыны сёлетняга недахопу кармоў, якіх пакуль недабрала нават да мінулагодняга ўзроўню пераважная большасць гаспадарак. З плюсам на ўчарашні дзень былі толькі ў «Маяку» і «Аграсэрвісе».

Больш за іншых ежы для жывёлы трэба нарыхтаваць «Агравідзам», бо менавіта тут самае вялікае пагалоўе. На раніцу ўчарашняга дня на ўмоўную галаву ў гэтай гаспадарцы было нарыхтавана па 12,10 цэнтнераў кармавых адзінак, што на 3,23 менш, чым летась. Падрыхтавалі да зімоўкі 756 тон сена, 15 463 тоны сенажу, з якіх 250 заматалі ў палімерную плёнку. Але гэта толькі палова патрэбных кармоў. Галоўны аграном гаспадаркі Сняжана Еўтушэнка расказала, што працэс замарудзіўся на этапе другога ўкосу з-за недахопу тэхнікі і механізатараў. Таксама час ад часу ў гаспадарцы ўзнікаюць складанасці з палівам, бо яно патрабуецца не толькі для корманарыхтоўкі, а і ўборкі, пасяўной, абслугоўвання ферм і інш. Таму час ад часу корм рыхтуюць 1-2 КВК у дзень. Аграном таксама адзначыла, што атава вырасла нядрэнная і касіць ёсць што. Як доказ гэтым словам паказала некалькі палёў, дзе вяліся работы па нарыхтоўцы кармоў. На адным з палеткаў працавалі ў звязцы Алег Селядцоў і Дзмітрый Талапін. Сапраўды, за некалькі хвілін КВК насыпаў поўны ПІМ здробненай з канюшыны зялёнай масы.

Дарэчы, Алег Селядцоў першы год працуе вадзіцелем кормаўборачнага камбайна, раней ездзіў на «Амкадоры». Па яго словах, хоць КВК яму дастаўся і старэнькі, але з рук дбайнага гаспадара, таму на тэхніку асабліва не скардзіцца.

Кажа, што ламаецца не часцей за іншую — і тое добра. Задаволены А. Селядцоў і заробкам на корманарыхтоўцы. Працаваць жа шмат даводзіцца ў сельскай гаспадарцы паўсюдна, на любых работах і тэхніцы, кажа ён. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.