Абласныя «Дажынкі-2019» пройдуць у Браславе 28 верасня

Актуальное Дажынкі-2019
Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі» пройдзе ў Браславе ўжо ў канцы гэтага месяца. Арыенціровачная дата — 28 верасня, якое выпадае на суботу. Пра гэта на раённым штабе па падрыхтоўцы да мерапрыемства заявіў старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін.

Плануецца, што свята збярэ шматлікіх гасцей не толькі з Віцебскай вобласці, але і з усёй рэспублікі. Акрамя ўрачыстасцей па ўшанаванні лепшых хлебаробаў і прадпрыемстваў аграрнай галіны рэгіёна, якія пройдуць у Леснічоўцы, «Дажынкі» распаўсюдзяць свой уплыў амаль на ўвесь горад.

Вопыт папярэдніх гадоў паказвае, што рознага кшталту мерапрыемствы і актыўнасці ахопяць многія цэнтральныя, ды і не толькі, вуліцы Браслава, зоймуць літаральна ўсе свабодныя пляцоўкі.

Як правіла, свята ўключае ў сябе шматлікія выстаўкі і прэзентацыі (у тым ліку рэтра і сучаснай тэхнікі), гандлёвыя рады, перасоўныя пункты грамадскага харчавання, паказальныя выступленні розных службаў, напрыклад, МНС і ваенных, арт-лакацыі.

Усё гэта патрабуе стараннай падрыхтоўкі і планавання. Работа ў абазначаным накірунку ўжо вядзецца: супрацоўнікі профільных аддзелаў райвыканкама размяркоўваюць пад патрэбы ўдзельнікаў фестывалю свабодныя пляцоўкі, энергетыкі пралічваюць будучыя нагрузкі на электрасеткі, ДАІ прыкідвае арганізацыю руху. Паралельна рыхтуецца праграма мерапрыемства, удакладняюцца сцэнарыі. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.