Другі хлеб. Колькі ў Браславе каштуе бульба

Экономика и финансы
Адметнасцю беларускай кухні з’яўляюцца стравы з бульбы, а дранікі ўвогуле сталі своеасаблівай візітнай карткай нашай краіны. Жнівень — якраз той час, калі ўзрастае попыт на другі хлеб новага ўраджаю. Прадаўцы заклапочаныя, каб даражэй прадаць свой тавар, пакупнікі ж, зразумела, шукаюць таннейшы. Таму не лішнім будзе пахадзіць па гандлёвых кропках ды параўнаць цэны на бульбу. «Браслаўская звязда» пацікавілася, дзе і па якім кошце ў нашым горадзе прадаюцца разварыстыя клубні.

Большасць пакупнікоў выбірае бульбу па знешнім выглядзе, нехта арыентуецца на цану, хтосьці шукае добра вядомыя сарты. Тым часам другі хлеб адрозніваецца яшчэ відамі і тыпамі. У залежнасці ад мэтаў вырошчвання бульба бывае сталовая (выкарыстоўваецца ў ежу), тэхнічная (з яе вырабляюць спірт і крухмал), кармавая (ідзе на корм жывёле) і ўніверсальная. Сталовыя ж сарты, у сваю чаргу, падзяляюцца на кулінарныя тыпы: А — салатны (клубні не разварваюцца), B — для супоў і смажання, C — для пюрэ і варкі, D — толькі для пюрэ. І калі ў браслаўскіх магазінах на цэнніках пазначаны выключна вытворцы (у большасці беларускія, зрэдку трапляюцца расійскія), то на гарадскім рынку і ў месцах, адведзеных для продажу прадукцыі, прыватнікі падрабязна раскажуць пра сарты бульбы і іх асаблівасці. Дарэчы, пераважаюць беларускія гатункі, сустракаюцца таксама галандскія, нямецкія і расійскія: «ласунак», «маніфест», «вектар», «брыз», «рэд скарлет», «санта», «дэльфін», «іван-ды-мар’я», «белароза», «адрэта». Як бачна, браслаўскія гаспадары цікавяцца новымі сартамі: адны купляюць іх на рынках ці абменьваюцца з суседзямі, іншыя падыходзяць больш сур’ёзна і ездзяць у спецыяльныя гадавальнікі.

У прыватнікаў можна купіць бульбу любога памеру. У сярэдзіне мінулага тыдня цэны на вялікую вагаліся ад 1 рубля да 80 капеек за кілаграм, на крыху меншую складалі 80-60 капеек, дробную прапаноўвалі па 40-50. Па водгуках прадаўцоў, больш пытаюць буйную бульбу. Чым добры для пакупнікоў нядзельны дзень, дык гэта вялікай колькасцю прапаноў: канкурэнцыя вымушае гаспадароў зніжаць цэны. І хоць сустракалася бульба па 1 руб., можна было знайсці і за 80-70 кап., а ў адным месцы прасілі па 60 за адборныя клубні, роўныя і чыстыя. Пустыя скрынкі каля прылаўкаў сведчылі пра добры попыт.

Пенсіянеры з Муражаў Часлава Рынкевіч з мужам Чаславам вырошчваюць на прысядзібным участку бульбу на 30-40 сотках — атрымліваецца неблагая прыбаўка да пенсіі. Яны прадаюць клубні сорту «іван-ды-мар’я» з незвычайнай жоўта-чырвонай афарбоўкай.

 

У гарадскіх магазінах цана на клубні таксама адрозніваецца. Самы вялікі выбар у «Еўраопце»: там можна набыць беларускую бульбу па 59 або 99 кап., прадукт прэміум-класа (мыты) каштуе ўжо 1 руб. 39 кап. У «Хіце» другі хлеб прадаецца таксама па 59 кап. — з жоўтай лупінай і па 65 — з чырвонай. І ў «Капеечцы» была бульба па 59 кап., а таксама па 85, да выхадных жа засталася толькі даражэйшая. У супермаркеце «Віталіч» прыгожыя буйныя клубні з чырвонай лупінай каштуюць 1 руб. 06 кап. «Белмаркет» прапаноўваў на тыдні вялізныя бульбіны расійскага вытворцы па 1 руб. 29 кап., у нядзелю ў продажы была ўжо беларуская прадукцыя коштам 1 руб. 19 кап.

Па словах прадаўцоў, у гэтым годзе нядрэнны ўраджай бульбы, асабліва на сярэднія і пазнейшыя гатункі. Між тым, як расказаў на рынку адзін з гаспадароў, каб людзі парадаваліся смачнай пакупцы, трэба па-чалавечы падыходзіць да вырошчвання клубняў: не перабіраць з угнаеннямі, капаць акуратна, лепш уручную, увогуле, прыкласці шмат нялёгкай працы.

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтар