Цэнтр дзяцей і моладзі гатовы да новага навучальнага года. На яго рамонт затрацілі 65 тысяч рублёў

Дажынкі-2019
У абноўленым будынку сустрэнуць сваіх выхаванцаў педагогі цэнтра дзяцей і моладзі. У рамках падрыхтоўкі горада да свята «Дажынкі» тут праведзены рамонт, на які было выдзелена з бюджэту больш за 65 тысяч рублёў.

Ля ўстановы позірк прыцягвае сапраўдная брукаваная дарога, рэшткі якой акуратна рэканструявалі і абрамілі сучаснай пліткай. Брукаванае пакрыццё падкрэслівае гістарычную значнасць будынка. Напэўна, сёння гэта адна са старэйшых устаноў адукацыі. Як вядома, у 1936 годзе будынак быў пабудаваны для Браслаўскай гімназіі, а ў 1968-м яго перадалі для заняткаў дзяцей Дому піянераў. Уявіце, ужо больш за 50 гадоў маленькія браслаўчане займаюцца ў сценах, якія самі па сабе з’яўляюцца гісторыяй! Таму падчас рамонту было вырашана як мага больш захаваць аўтэнтычнасць пабудовы. Драўляны будынак пафарбавалі, акуратна зрабілі новыя адмосткі фундамента, недзе даставілі сучасныя вокны, каб дзецям было цёпла і ўтульна займацца. Цікава, што падчас афарбоўкі сцен цагляныя калоны рабочыя не закранулі. А ведаеце чаму? Недзе з 70-х гадоў амаль кожны выпуск «пазначыў» сваю цаглінку — і гэтыя надпісы пакінулі некранутымі.

Уваходная група таксама выглядае па-новаму: зручны пандус і новыя прыступкі, нават запасны выхад радуе вока, бо «перажыў» дыхтоўны рамонт. Зрабілі для выхаванцаў і санітарны пакой з сучасным абсталяваннем. Акрамя знешніх перамен, стала больш утульна і прыгожа і ўнутры кабінетаў. Дагледжаная ж тэрыторыя наўкол з буйствам кветак і арыгінальнымі арт-кампазіцыямі завяршае агульную карціну добраўпарадкаванасці.

Словам, навучальны год цэнтр сустрэне ў новым убранні, а яго выхаванцы — з добрым настроем.

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.