У Богіне адзначылі свята яблыка

Отдых
Богіна славіцца сваімі яблыневымі садамі. Сёлета тут урадзіў неблагі ўраджай, мясцовыя жыхары задаволены. Пра гэта казалі і падчас традыцыйнага брэндавага свята ў гонар яблыка. Яно, дарэчы, ладзілася ўжо шосты раз.

Супрацоўнікі Богінскага сельскага клуба загадзя апавясцілі вяскоўцаў пра плануемае свята і запрасілі прыняць удзел у разнастайных забаўляльных пляцоўках, сярод якіх вылучалася выстаўка страў з яблыкаў. Якіх толькі прысмакаў не нагатавалі тутэйшыя гаспадыні! Ад традыцыйных пірагоў да яблыкаў у кляры.

З задавальненнем таксама бавілі час дарослыя і дзеці ў гульнявых зонах, з захапленнем гулялі ў яблычны більярд. Вядучыя тым часам распавядалі пра карысныя ўласцівасці гэтай садавіны, праводзілі разнастайныя конкурсы і гульні. Весялосці і святочнасці мерапрыемству надала канцэртная праграма. У госці да богінцаў прыехалі культработнікі з Опсы, Ахрэмаўцаў, Пагошчы і Браслава. Усе прысутныя з задавальненнем спявалі, танцавалі, пляскалі ў далоні.

Словам, «Яблычны фэст» у Богіне атрымаўся вясёлым, насычаным і цікавым!

Алена НАБЕЕВА.