Спецыяльна нідзе не вучыўся. Як звычайны хлопец робіць Браслаў прыгожым

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Калі ўздоўж цэнтральных гарадскіх вуліц Браслава пачалі спілоўваць кроны дрэў, памятаю, як некаторыя жыхары крытычна пазіралі ў бок аўтамабільнай вышкі з вальшчыкам лесу ў карзіне і абменьваліся ўражаннямі наконт шкоды прыродзе. Маўляў, на голыя абрэзаныя ствалы і глядзець агідна, дрэвы не вытрымаюць такіх здзекаў і загінуць.

Сёння, мабыць, мала хто і ўспамінае пра тыя ствалы без галін і лістоў. Дрэвы ж не засохлі, наадварот, за некалькі гадоў разгалінаваліся і прыцягваюць позірк густой кронай шарападобнай формы. А сфарміраваў за гэты час амаль усе такія акуратныя шарыкі з галін рабочы па добраўпарадкаванні КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» Міраслаў Хлябовіч.

Многія браслаўчане ведаюць Міраслава ў твар, бо часта яго можна бачыць на грамадскіх тэрыторыях з газонакасілкай, бензапілой ці кустарэзам. За добрасумленнае і прафесійнае выкананне абавязкаў і даручэнняў ён узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама, а летась быў прызнаны і лепшым па прафесіі.

Фігурнай падрэзкай дрэў, якіх цяпер па вул. Садовай, Савецкай і Дзяржынскага налічваецца ўсяго больш за 140 штук, М. Хлябовіч займаецца звычайна ў пары з вадзіцелем аўтавышкі два разы ў год — вясной і восенню. Гэтай дэкаратыўнай справе спецыяльна нідзе не вучыўся. Прайшоў толькі на базе камунальнай гаспадаркі навучанне асновам працы з кустарэзам ды на курсах у Віцебску атрымаў допуск да работы на вышцы. Сам жа навык акультурваць кроны набываў з дапамогай інтэрнэта ўласнай практыкай.

На першы погляд можа здацца, што «махаць» кустарэзам быццам бы і проста. Але ж трэба набіць руку, мець адмысловы вакамер, каб з-пад механічнай не надта зручнай пілы без якіх-небудзь іншых прыстасаванняў выйшлі зялёныя шары амаль ідэальнай формы. Да таго ж практычна на працягу ўсёй вуліцы Садовай працаваць на вышцы даводзіцца пад самымі правадамі паветранай лініі электраперадачы. І хоць напярэдадні падрэзкі дрэў галоўны энергетык жыллёва-камунальнай гаспадаркі атрымлівае дазвол з РЭСа на часовае адключэнне лініі, але, спрытна арудуючы доўгай пілой з карзіны аўтавышкі, ніяк нельга забываць, што зусім побач праходзяць электрычныя правады і апоры паветраных ліній.

Дарэчы кажучы, фігурная абрэзка зялёных насаджэнняў не толькі надала амаль паўтары сотні дрэў больш эстэтычнасці, але, магчыма, і выратавала іх ад знішчэння ці па меншай меры ад непрапарцыянальнага абсякання сукоў, бо буйныя бакавыя адросткі ад ствалоў ужо ўпіраліся ў электралінію. Сырое ж дрэва, як вядома, з’яўляецца правадніком току, таму для забеспячэння грамадскай бяспекі трэба было знайсці мэтазгоднае і найбольш аптымальнае рашэнне.

Дзякуючы рацыянальнаму падыходу мясцовай улады і спрактыкаванасці Міраслава Хлябовіча цяпер шарападобныя густыя кроны насычаюць паветра кіслародам і ўпрыгожваюць гарадскія вуліцы.

Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара.