Беларуская мова — дзяржаўная і плаўкі ў рэстаране. Пра што пісала «Браслаўская звязда» ў 1989-м

Отдых

«КАБ ЗРУЧНА БЫЛО ЎСІМ»

У калектыўным пісьме яго аўтары прапаноўвалі змяніць маршрут гарадскога аўтобуса № 1, пусціўшы яго каля РКБА на МПМК-42, гародніна-сушыльны завод, гаспадарчы магазін і ПМК-44. Дырэкцыя аўтапарка прыйшла да вываду, што рабіць гэта немэтазгодна. Амаль на кіламетр падаўжаецца працягласць маршрута, а разам з ім трэба павялічваць інтэрвал руху аўтобуса. Такія змены ўскладняюць падвоз дзяцей у школу, жыхароў раёнаў гаргаза і ПМК-44 на работу.

ПАБУДАВАЛІ… І ПАД ЗАМОК

Жыхары Слабодкі просяць дапамагчы ім знайсці гаспадара пабудаванага ў вёсцы лазнева-пральнага камбіната. Узводзілі яго доўга, але ўсё ж скончылі. Вяскоўцы пачалі спадзявацца, што нарэшце змогуць і памыцца ў добрых умовах, і памыць бялізну: вада ў Слабодцы рэч дэфіцытная. Але дзе там! Памяшканне закрылі на замок — і канцы ў ваду. Невядома нават людзям, з каго за такое «гаспадаранне» спытаць.

ІНФАРМАВАННЕ ПА-БЕЛАРУСКУ

Якой быць беларускай мове: дзяржаўнай ці застацца на ўзроўні бытавой размовы? Спрэчкі не спыняюцца. У райбібліятэцы вырашылі не траціць на іх сілы, а дапамагчы людзям усвядоміць, што нацыянальная мова мае першачарговае права на існаванне. Спачатку там змянілася афармленне: цяпер уся інфармацыя даецца на беларускай мове. На стэндзе з’явіўся раздзел «Пагаворым пра беларускую мову». Работнікі бібліятэкі і самі вучацца размаўляць па-беларуску.

У ШОРТАХ І ПЛАЎКАХ

Летам у Браславе многія адпачываючыя, пакупаўшыся, спяшаюцца падмацавацца ў гарадской сталовай ці рэстаране. Аднак, здаецца, некаторыя з іх лічаць, што ў такой правінцыі, як наш горад, можна не клапаціцца пра знешні выгляд. У заношаных спартыўных касцюмах, шортах, а то і зусім у плаўках госці ідуць у прадпрыемствы грамадскага харчавання і не адчуваюць, як псуюць апетыт іншым. Дык можа, работнікам рэстарана і сталовай не трэба абслугоўваць такіх людзей?

ДРОБЯЗЬ?

Браслаўчан хвалююць многія пытанні. Адзін з іх — набыццё тавараў у магазінах. Напрыклад, чаму на адзін талон даюць 2 кавалкі мыла хваёвага па 200 г кожны ці па 2 кавалкі дзіцячага, дзе маса толькі па 100 г. Раней гэта не мела б ніякага значэння, цяпер жа, калі кожны грам на ўліку, стала важна. Хто распрацаваў такія рэкамендацыі па атаварванні? Здаецца, усё можна вырашыць проста: на талон — пэўную масу. Чаму да такога не дадумваюцца работнікі прылаўка?

РЫБАЛКА НЕ НАЖЫВА

На Браслаўшчыну прыязджаюць адпачыць, парыбачыць людзі з розных куткоў краіны, ды і ў раёне многа аматараў пасядзець на беразе з вудай. Абсалютная большасць гасцей і жыхароў раёна беражліва адносяцца да прыроды, захоўваюць правілы рыбнай лоўлі. Аднак не зжыта і браканьерства. Толькі ў мінулым паўгоддзі органы рыбаховы сумесна з грамадскасцю выкрылі 289 парушэнняў правіл рыбалоўства, у браканьераў адабрана 117 розных прылад лову.

ПРА РАДЫЯЦЫЙНУЮ АБСТАНОЎКУ Ў ЛІПЕНІ

На тэрыторыі раёна працягваецца радыяметрычны кантроль. Гама-фон у Браславе замяраецца 2 разы на дні — раніцай і вечарам. Яго ўзровень у ліпені знаходзіўся ў межах 0,009-0,014 мілірэнтген у гадзіну, што характэрна для тэрыторыі ўсяго раёна. З ліпеня пункт радыяцыйнага назірання працуе ў Відзах. Там гама-фон складае ад 0,008 да 0,010 мР/г. Такім чынам, яго ўзровень у нашым раёне ніжэйшы за дапушчальны па СССР, які роўны 0,025 мР/г.

АДГАЛОСКІ ВАЙНЫ

Даўно мінула вайна, але і цяпер яшчэ нагадвае пра сябе і нават забірае жыцці людзей. Часцей гэта звязана з боепрыпасамі, што засталіся ў зямлі. У Браслаўскім раёне за мінулы год знайшлі 9 артылерыйскіх снарадаў, 3 мінамётныя міны, 8 гранат. На шчасце, людзі, якія заўважылі боепрыпасы, не сталі іх разбіраць ці кідаць у агонь, а выклікалі спецыялістаў, таму абышлося без ахвяр. І сёлета ў в. Карасіна і каля в. Струста ўжо зарэгістраваны небяспечныя знаходкі.

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.