У Браславе прайшлі ўрачыстаці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў

Новости
Здаўна ўсе мы чулі, што Маці Божая з абраза ў браслаўскім касцёле дапамагае людзям у вырашэнні іх праблем. І дзесяць гадоў таму назад яго цудадзейнасць была прызнана афіцыйна: на галаву Яе і дзіцяці Езуса ўсклалі папскія кароны. І ўвесь гэты час у жніўні браслаўчане і пілігрымы з розных куткоў Беларусі збіраюцца, каб ушанаваць найсвяцейшую Маці. Вялікую колькасць людзей сабрала Валадарка азёр і сёлета.

Як заўсёды, праграма свята ўшанавання Маці Божай Браслаўскай была насычанай і мела глыбокую духоўную сутнасць. У пятніцу біскуп Віцебскі Алег Буткевіч шчыра вітаў пілігрымаў, якія прыйшлі на ўрачыстасць, акрапляў стомленых вернікаў асвечанай вадой і запрашаў у касцёл. Увечары прайшла святая імша, падчас якой прысутныя схілілі галовы перад абразом Маці Божай Валадаркі азёр. Да раніцы ў касцёле гучалі малітвы і спевы, і кожны, хто прыходзіў, меў магчымасць выказаць свае просьбы да апякункі браслаўскай зямлі. Як і ў мінулыя гады, плошча перед палявым алтаром была поўнасцю запоўнена людзьмі.

Кульмінацыяй свята стала суботняя імша.

Акрамя святароў і вернікаў, на ўрачыстасць завіталі прадстаўнікі ўлады і дыпламатычных колаў: старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі, старшыні райвыканкама і райсавета Аляксандр Баданін і Ніна Пучынская, якія таксама звярнуліся да прысутных з прывітальнымі словамі.

Сёлетняе свята прысвячалася сям’і як крыніцы радасці, трывалага падмурка дзяржавы і касцёла. Менавіта таму кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапата Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да гэтай тэмы. Ён прапанаваў усім шукаць вырашэнне шматлікіх праблем з дапамогай Марыі, бо менавіта яна ведае цяжкасці штодзённага жыцця, хатніх абавязкаў ці праблемы падрастаючага пакалення.

Святары ў агульнай малітве прасілі нябесную апякунку атуліць сваёй любоўю ўсе нашы сем’і. На заканчэнне святой імшы Алег Буткевіч падзякаваў усім прысутным за сумесную малітву і выказаў пажаданне на новую сустрэчу пад святым покрывам Маці Божай Браслаўскай.