Тры ў адным. У МТК правялі фотасушку, кірмаш рамёстваў і адкрыццё выстаў жывапісу

Власть и общество
У нядзелю ў музеі традыцыйнай культуры адбылося цікавае мерапрыемства. Яно аб’яднала акцыю «Фотасушка», адкрыццё выстаў, кірмаш рамёстваў і выступленні мясцовых музыкаў.

Своеасаблівы мікс некалькіх жанраў мастацтва ўдала спалучылі ў адну агульную арт-прастору. На свежым паветры фатографы (прафесіяналы і аматары) акуратна развешвалі свае здымкі на вяроўках, быццам сушылі пасля праяўкі.

На іх — розныя сюжэты: партрэты, пейзажы, будзённае жыццё. Удзельнікі мерапрыемства з цікавасцю разглядалі арыгінальную экпазіцыю, галасавалі за лепшы здымак, а таксама прыглядаліся, якія з іх пасля забраць на памяць.

Побач з фатографамі мясцовыя майстры з радасцю расказвалі пра свае захапленні і праводзілі майстар-класы. Дапаўняла агульную карціну інструментальная музыка ад мясцовых музыкантаў, а таксама частаванне духмянай гарбатай. Цікавасць ва ўсіх выклікала фоталабараторыя Міхаіла Яроцкага, які прывёз на мерапрыемства камеру 1974 года вытворчасці «Минприбора Союзоргтехники». Больш за тое, ён зрабіў ёю агульны здымак, а пасля ўсе жадаючыя маглі паназіраць за праяўкай.

У памяшканнях музея таксама было з чаго падзівіцца. Увагу прыцягвала пазнавальная выстаўка «Зямлі спрадвечнай рамяство». На ёй былі прадстаўлены экспанаты з музейных фондаў, якія некалі служылі нашым продкам для працы на зямлі, фотаздымкі, газетныя артыкулы і архіўныя дакументы, што расказвалі пра развіццё сельскай гаспадаркі на Браслаўшчыне. Шмат людзей сабралася і на знаёмства з мясцовымі мастакамі Алінай Трукан, Чэславам Жусялём, Вольгай Шылай, Людмілай Сінкевіч, якія прэзентавалі свае карціны на выстаўцы «Браслаўская палітра» і распавядалі пра сябе.

Словам, арганізатары падрыхтавалі цудоўнае мерапрыемства, на якім можна было цікава правесці час усёй сям’ёй.

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.