Жніво. Як ідзе кампанія ў дробных гаспадарках

Экономика и финансы
Амаль 80 % плошчаў збожжавых і зернебабовых культур убралі браслаўскія хлебаробы. На раніцу панядзелка было намалочана 27 895 тон зерня. Закончылі ўборку тры гаспадаркі: «Урбаны», «Маяк Браслаўскі» і «Браслаўскі райаграсэрвіс». Але калі ў «Маяку» камбайны абмалацілі збожжа амаль на 4 000 га, то ў дзвюх другіх гаспадарках — у 10 разоў менш.

Ураджайнасцю аграрыі не надта задаволены. Калі пры ўборцы азімых культур гэты паказчык быў прыкладна 27-30 ц/га, то яравыя, што вельмі пацярпелі ад чэрвеньскай засухі, апусцілі яго да ўзроўню 22,4 ц/га. Менш за ўсіх на круг узялі ў аграсэрвісе і «Відзаўскім».

Дарэчы, у апошняй гаспадарцы на тую ж дату было ўбрана крыху больш за 63 % планавых плошчаў. Як расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзіслаў Бэйнар, тут выкарыстоўваюць кожны пагодлівы дзень і нават гадзіну, каб паспець убраць ураджай. Галаўны боль маладога кіраўніка — недахоп тэхнікі. Чатыры камбайны, што мае гаспадарка, вельмі старыя, адзін з іх сышоў з дыстанцыі падчас уборкі, астатнія таксама пастаянна выходзяць са строю. Таму прыйшлося прасіць дапамогі ў «Бярозавым краі». На працягу тыдня два суседскія камбайны працавалі на палетках КУСП «Відзаўскі».

Шмат клопатаў і страт мае гаспадарка і з-за зернесушыльнага комплексу. Там сёння адзін з самых старых агрэгатаў у раёне — АЗС-10, які працуе на мясцовых відах паліва. Збожжа пасля прасушкі ў ім не заўсёды атрымліваецца патрэбнай якасці, а працэс тым часам працаёмкі і даволі дарагі, таму сельгаспрадпрыемства здае збожжа дзяржаве адразу з поля.

Між тым, па словах Уладзіслава Бэйнара, дзяржзаказ гаспадарка выканае ўжо ў бліжэйшы час. Патрэбную колькасць жыта здалі, амаль закрыта заданне па пшаніцы, як толькі пачнуць убіраць ячмень, ім таксама разлічацца з дзяржавай.

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара