Падтрымаць традыцыйныя рамёствы. Браслаўскае аб’яднанне музеяў пачало рэалізацыю міжнароднага праекта.

Новости
Сумесны праект «Вывучэнне і захаванне традыцыйных рамесніцкіх навыкаў жыхароў даліны Дзвіны/Даўгавы і перадача іх будучаму пакаленню» пачалі рэалізоўваць у чэрвені ўпраўленне культуры Даўгаўпілскага краю, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік і Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў. Фінансуе ініцыятыву Еўрапейскі Саюз.

Праект разлічаны на 20 месяцаў, агульны бюджэт складае больш за 120 тыс. долараў ЗША. Галоўная яго мэта — вывучыць і захаваць традыцыйныя рамёствы, а праз адукацыйныя праграмы, майстар-класы зацікавіць імі сучаснае пакаленне.

Як паведаміла дырэктар Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Вольга Антанёнак, распрацавана шырокая праграма сумесных дзеянняў трох устаноў. Першае агульнае мерапрыемства з цыкла «Горад майстроў» адбудзецца ўжо 24 жніўня ў Юзэфоўскім парку (Наўенская воласць) у рамках святкавання дзён Даўгаўпілскага краю. На гэтым свяце майстры Беларусі і Латвіі будуць праводзіць майстар-класы па рамёствах (саломапляценні, ткацтве, вязанні). «Горад майстроў» таксама пройдзе ў Полацку, Браславе, Наўене. У выніку будзе праведзена больш за 10 бясплатных майстар-класаў. Восенню ў Полацку і Браславе арганізуюць этнаграфічныя лагеры для людзей розных узростаў. К канцу 2019 года пачнецца падрыхтоўка да этнаграфічнай экспедыцыі па Даўгаўпілскім краі. У ёй прымуць удзел навуковыя супрацоўнікі з Браслава, Полацка і Наўене, эксперты па нематэрыяльнай спадчыне. Акрамя гэтага, яны будуць вывучаць матэрыялы, якія захоўваюцца ў фондах музейных устаноў дзвюх краін. Вынікам даследавання стане сумесная кніга «Новае жыццё старых рамёстваў» на дзвюх мовах, а фальклорныя матэрыялы будуць выдадзены ў выглядзе кампактдыскаў.

У рамках праекта асаблівая ўвага будзе нададзена стварэнню музейных калекцый. Установы папоўняцца новымі экспанатамі, для захавання якіх закупяць спецыяльнае абсталяванне. Запланавана, што к канцу 2020 года ў Наўене адкрыецца выстаўка «Традыцыі рукадзелля на тэрыторыі даліны Дзвіны/Даўгавы», а ў школах Браслава і Полацка будзе працаваць перасоўная — «Новае жыццё старых рамёстваў». Дзеля гэтага нават зробяць новыя выставачныя стэнды і выдадуць буклеты на розных мовах.

— Цікавым пунктам нашай дзейнасці з’яўляецца распрацоўка адукацыйных праграм. На базе музейных калекцый і выставак распрацуюць заняткі для дзяцей. У прыватнасці, у музеях Браслава і Полацка падрыхтуюць праграму «Унікальнасць традыцыйнай культуры рэгіёна Паазер’я», якую бясплатна перададуць школам. Падчас распрацоўкі і апрабацыі заняткаў закупяць і неабходны рыштунак. Напрыклад, для нашай установы — новы праектар і экран, — расказала Вольга Антанёнак. — Словам, удзел у праекце дасць новы віток ў развіцці захаванасці і папулярызацыі рамёстваў, бо вельмі важна перадаваць культурныя здабыткі падрастаючаму пакаленню.

Вынікам сумеснай амаль двухгадовай працы стане канферэнцыя, якая збярэ ў агульную скарбонку праведзеныя мерапрыемствы. Галоўнае ж, што музейныя супрацоўнікі раёнаў — удзельнікаў праекта змогуць сабраць яшчэ больш звестак пра рамёствы, а жыхары — даведацца пра іх унікальнасць і важнасць для культуры.

Алена НАБЕЕВА.