Браслаўчане правялі раённы суботнік

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Браслаўчане 10 жніўня дружна правялі чарговы раённы суботнік.

Дзесьці калектывы арганізацый прыбіралі ўласныя тэрыторыі, асабліва там, дзе моцны вецер, што наляцеў у чацвер, нанёс паламаных галінак і пазрыванага з дрэў лісця. Супрацоўнікі ДЮСШ вырашылі прысвяціць суботнік афарбоўцы вокнаў у спартыўнай установе.

А калектыўныя сілы гараджан былі сканцэнтраваны ў некалькіх грамадскіх месцах. Найбольшая зводная брыгада шчыравала ў зоне адпачынку паміж стадыёнам і пешаходнай вуліцай. Сюды тэхніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі напярэдадні завезла каля 200 м3 урадлівай глебы. І як толькі бульдозер распіхаў па плошчы вялікія кучы, гараджане з розных арганізацый граблямі раўнялі зямлю, рыхтавалі яе пад газон. Неўзабаве на гэтай прасторнай зоне для адпачынку, акрамя газоннай травы, з’явяцца зялёныя насаджэнні, кветнікі, зручныя лаўкі і прывабныя малыя архітэктурныя формы.

У «Парку камянёў» насупраць паліклінікі таксама займаліся азеляненнем: вакол новай пляцоўкі для стаянкі аўтамабіляў сеялі траву. А побач некалькі чалавек грунтавалі і шпаклявалі бетонную сцяну на ранейшай стаянцы — рыхтавалі яе пад афарбоўку.

У Леснічоўцы насупраць сцэны мужчыны завіхаліся з лапатамі: пагрузчык падвозіў пясок, а яны планавалі схіл у месцы, дзе заканчваюцца лаўкі для гледачоў.

Яшчэ адна зводная брыгада працавала ўздоўж цеплатрасы за дзіцячым садам № 1. Там пасля разабраных самавольных хлеўчукоў яшчэ засталося шмат смецця.

Некалькі чалавек свежай фарбай абнаўлялі аўтобусныя павільёны па вул. Дзяржынскага.

Разумеючы, што кожны раз у выніку калектыўнай працы любімы горад становіцца ўсё больш і больш зручным для жыцця і прывабным, людзі працавалі на грамадскіх работах натхнёна, шчыра і з энтузіязмам.

Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара.