Xaver на Браслаўшчыне: размытыя дарогі, паламаныя дрэвы і пашкоджаныя ЛЭП

Главное Происшествия Строительство. ЖКХ. Благоустройство
З-за моцных парываў ветру, які наляцеў вечарам у чацвер, 8 жніўня, у раёне не здарылася ніякіх надзвычайных сітуацый па лініі РАНС. Не паступалі па гэтай прычыне пацярпелыя з траўмамі ў службу «Хуткай дапамогі». Не адбылося, на шчасце, транспартных аварый на дарогах, не было ў дзяржаўнай аўтаінспекцыі і паведамленняў пра пашкоджаныя паваленымі дрэвамі аўтамабілі. Раз-пораз толькі з розных месц раёна людзі тэлефанавалі аўтаінспектарам пра завалы на праезнай частцы. Гэтую інфармацыю тыя тут жа перадавалі дарожнікам.

Тым не менш на дарогах рэспубліканскага і мясцовага значэння дарожным службам клопатаў хапіла. Іх рамонтнааварыйныя брыгады выехалі на ветравальныя ўчасткі з вечара і працавалі да паўночы, каб ачысціць праезныя шляхі. Але яшчэ два дні прыбіралі на палосах адводу дзе паламаныя, а дзе і павыварочваныя з коранем дрэвы. На некаторых участках гравійных дарог утварыліся і размывы. Іх МАЗы адсыпалі ўжо ў пятніцу.

Нарабіла непагода ветравалу і ў горадзе: на завулку Будаўнікоў, каля кінатэатра і першай школы, у парку, Леснічоўцы і на турбазе. Акрамя таго, парывамі ветру сарвала дах на аўтобусным павільёне па вул. Пясчанай і на сушылцы для бялізны ў двары па вул. Садовай.

У пятніцу камунальнікі аператыўна прыбралі буралом, а тыя ствалы і галіны, што не паспелі вывезці, папілавалі і сабралі ў акуратныя кучы.

Самы вялікі ўрон нанёс ураган паветраным лініям электраперадачы: паваленымі дрэвамі былі пашкоджаны і нізкавольтныя, і высакавольтныя лініі. Без электрычнасці на нейкі час застаўся ўвесь горад і большасць сельскіх населеных пунктаў, акрамя відзаўскай зоны. На ліквідацыі аварыі, якую ўтварыла непагода, былі задзейнічаны 11 рамонтных брыгад, у тым ліку 2 з Пастаўскага раёна. Электраманцёры нястомна працавалі з вечара да 4 гадзін раніцы, пасля таго, як адпачылі толькі 2 гадзіны, зноў узяліся за справу.

У Браславе аднавілі падачу электрычнасці крыху больш за гадзіну, а к вечару пятніцы святло зноў загарэлася ва ўсіх населеных пунктах раёна.

Казімір ПЯТУШКА.