Браслаўчане выступілі на Дні раёна ў расійскім Пскове

Новости
Браслаўчане прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах у Пскове, прымеркаваных да 75-годдзя вызвалення Пскоўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня раёна.

Дарэчы, дэлегацыя з Пскоўскага раёна — таксама часты госць на фестывалі «Браслаўскія зарніцы». Спевакі і танцоры заўзята знаёмяць нас са сваёй самабытнай культурай і заўсёды падабаюцца мясцоваму гледачу.

Не маглі браслаўчане не адгукнуцца на запрашэнне паўдзельнічаць у значнай для Пскоўскага раёна падзеі. Ад імя жыхароў Браслаўшчыны пскавічан павіншаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін, а творчы падарунак зрабіў ансамбль народнай песні «На панадворку». Як расказала кіраўнік калектыву Марына Шыркевіч, нашым артыстам было ганарова і адказна выступаць на пскоўскай сцэне. Акрамя ўдзелу ў канцэртнай частцы, браслаўчане прайшліся ў агульным шэсці са сцягамі нашага раёна, вобласці і краіны, а таксама прынялі ўдзел у фолк-батле, дзе выканалі свае лепшыя песні. Мяркуючы па рэакцыі мясцовых гледачоў, канцэрт «На панадворку» ім прыйшоўся даспадобы. Дамовіліся нашы прадстаўнікі і пра далейшыя выступленні ў Пскоўскім раёне.

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.