Рэпартаж з абласных спаборніцтваў ратавальнікаў Асвода, якія прайшлі ў Браславе

Главное Здоровье
ХХХ асабіста-каманднае першынство Віцебскай абласной арганізацыі Асвод па выратавальным шматбор’і прайшло на возеры Дрывяты.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел супрацоўнікі выратавальных станцый Оршы, Віцебска, Глыбокага, Мёр, Пастаў, Полацка, Наваполацка, Лосвіда, Новалукомля і Браслава. Вітаў іх старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Асвод Аляксандр Мясаедаў, які пачаў адкрыццё першынства з уручэння ўзнагарод: Падзяку прэм’ер-міністра і Ганаровую грамату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь атрымалі лепшыя ратавальнікі — Аляксандр Саўчанка з Оршы і Міхаіл Аржанікаў з Наваполацка.

Пасля ўрачыстага ўзняцця сцяга спаборніцтваў ўдзельнікі адправіліся праходзіць першы этап першынства. Ён уключаў у сябе плаванне вольным стылем на 100 м, падачу выратавальнага круга, ратаванне з лодкі і буксіроўку манекена ўплаў.

У гэтай частцы найбольш цікава было назіраць за дзеяннямі ратавальнікаў падчас выхаду на ваду ў лодцы, дзе стартавалі адначасова двое ўдзельнікаў і паралельна адзін аднаму выконвалі аднолькавае заданне. Тут ужо неабходна было не толькі правільна выканаць усе ўмовы, але і зрабіць гэта хутка і якасна, без судзейскіх заўваг.

Другім этапам спаборніцтваў стаў выхад катара па трывозе. Каманды ў поўным складзе і экіпіроўцы па чарзе адпраўляліся да месца «здарэння», шукалі «пацярпелага» і вярталіся назад. На гэта ім адводзіўся тэрмін да пяці хвілін. І хоць заданне было ўмоўным, але дзейнічалі ратавальнікі па-сапраўднаму: хутка, зладжана і якасна.

Падводзячы вынікі, арганізатары падзякавалі за падрыхтоўку да першынства і паказаныя вынікі. Лепшымі ў шматбор’і сёлета сталі ратавальнікі з Оршы, другое месца занялі прадстаўнікі Наваполацка. Нашы мясцовыя хлопцы таксама ўзняліся на п’едэстал і атрымалі бронзавую ўзнагароду. У выхадзе катара па трывозе перамагла каманда Новалукомля, крыху ім саступілі Мёры і Глыбокае.

Аднак самае важнае ў спаборніцтвах усё ж такі не ўзнагароды: галоўнае, што ратавальнікі чарговы раз пацвердзілі свой высокі ўзровень падрыхтоўкі і гатоўнасць у неабходны момант прыйсці на дапамогу. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.