Таямніцы гісторыі вострава Манастыр, што на возеры Неспіш

Главное Калейдоскоп

Фото: molamola.by

У Браславе прэзентавалі гістарычнае даследаванне, якое тычыцца манастыра, што некалі існаваў на аднайменным востраве возера Неспіш. Забягаючы наперад, трэба адзначыць, што вучоным было чым здзівіць браслаўчан.

Пра вынікі сваёй навуковай работы па вышэйабазначанай тэме расказаў намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзяніс Лісейчыкаў.

Паводле прыведзеных ім даных, першыя пісьмовыя пацверджанні існавання браслаўскага манастыра знойдзены ў дакументах пачатку XVI стагоддзя. Гэта значыць, что манахі жылі на востраве не менш за трыста гадоў (у пачатку 1830-х манастыр згарэў). Дарэчы, крыніц інфармацыі на гэты конт даволі многа: даследчыкі знайшлі адпаведныя звесткі не толькі ў нацыянальных архівах, але і ў аналагічных установах Вільнюса, Санкт-Пецярбурга, Вены, а таксама ў прыватных калекцыях дакументаў. Сведчаць яны і пра мноства другіх падобных кляштараў, раскінутых па ўсёй тэрыторыі Літоўскай правінцыі.

Мяркуючы па памерах падаткаў, якія базыльянскія манастыры таго часу плацілі ў правінцыяльную скарбонку, браслаўскі меў сярэдні маштаб — значна меншы, чым, напрыклад, у Беразвеччы (цяпер Глыбокае) ці Мінску, але большы, як у Лагойску і Міры. Пабудовы на востраве былі драўлянымі і, па сведках летапісцаў, лядашчымі, прынамсі, на канец XVIII ст.

Манастырскі комплекс уключаў царкву, званіцу з трыма званамі, сам манастыр, дзе жылі манахі, кухарскі флігель, вяндлярню, ляднік і хлеў. Дакладна вядома, што востраў з берагам злучалі масты (адзін ці два).

Кляштар быў цалкам знішчаны пажарам у 1831-м (па некаторых звестках — 1832-м) годзе. Прычыны бедства невядомыя. Кажуць, што званы не знайшлі і да гэтае пары, а легенды тым часам распавядаюць, што жыхары блізкіх вёсак час ад часу чуюць іх звон — нібыта з-пад вады.

Кляштар на востраве Манастыр з’яўляўся крыніцай паходжання абраза Маці Божай Браслаўскай. Ён не пацярпеў ад пажару, бо, верагодна, быў вывезены ў тагачасную Вільню.

Пазнавальная лекцыя, дарэчы, была прымеркавана да пачатку раскопак на востраве Манастыр, ініцыяваных адной з грамадскіх суполак. Іх арганізатары з дапамогай прафесіянальных археолагаў і валанцёраў спадзяюцца знайсці рэшткі пабудоў, прадметы побыту (а можа, і званы, хто ведае) і, наколькі гэта магчыма, аднавіць гістарычную карціну. Між іншым, раскопкі на Манастыры ўжо праводзілі — у 20-я і 80-я гады мінулага стагоддзя. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара.