Яскравае афармленне інтэр’ера набылі гульнявыя пакоі раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання

Новости
Ужо не першы год маладыя мастакі і архітэктары з розных краін свету прыязджаюць у браслаўскі край, каб падарыць установам адукацыі раёна свае мастацкія работы. Сёлета два тыдні творчая моладзь жыла ў Калесніках, дзе знаходзіўся лагер, і кожны дзень наведвала карэкцыйны цэнтр.

На мінулым тыдні адбылося ўрачыстае закрыццё KAJAпленэру. Міжнародная творчая група пакінула пасля сябе не толькі цікавыя малюнкі на сценах установы адукацыі. Для дзяцей-інвалідаў яе члены сваімі рукамі зрабілі развіваючыя цацкі, арэлі-караблік, шырму для лялечнага тэатра, макет лабірынта для дзіцячай гульнявой пляцоўкі.

Начальнік адзела райвыканкама па адукацыі Іван Абаровіч, які прысутнічаў на сустрэчы, падзякаваў кіраўнікам гэтай незвычайнай майстэрні і яе ўдзельнікам за праведзеную работу. Ён адзначыў важнасць міжнароднага пленэру, які дае магчымасць для сяброўства паміж моладдзю з розных краін, і тое, што мастацкія аб’екты прыносяць шмат прыемных эмоцый і ўражанняў дзецям.

Нямала цёплых слоў сказаў на развітанне і старшыня нямецкай грамадскай арганізацыі KAJA-West Бернхард Алерс. «Выказваем удзячнасць кіраўніцтву раёна і ААТ «Слабодка-агра», дарожнікам і жыхарам мясцовых вёсак за падтрымку нашага KAJA-пленэру. Мы рады, што змаглі дапамагчы дзецям-інвалідам зрабіць іх жыццё больш яскравым і радасным», — адзначыў ён. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.