Браслаўчане-афганцы прынялі ўдзел ў міжнародным злёце

Новости
Падтрымаць дух баявога братэрства, нагадаць, што ў любога ветэрана баявых дзеянняў у Афганістане ёсць мноства сяброўскіх рук, здольных падстрахаваць у складаны момант жыцця. Такая мэта была ў ІІ Міжнароднага злёту, які прайшоў на Віцебшчыне і быў прысвечаны юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ініцыятарам сустрэчы зноў выступіла абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Каля ста ўжо пасівелых мужчын, якім у юнацкія гады давялося зазірнуць у вочы смерці на далёкай афганскай зямлі, сёлета разбілі свой палатачны лагер на базе камфортнага турыстычнага комплексу ў Лепельскім раёне. Сюды прыехалі не толькі былыя «афганцы» з Беларусі. Не перашкодзіла ні адлегласць, ні граніцы і воінам-інтэрнацыяналістам з Літвы, Эстоніі і Расіі.

Не прамінулі гэту значную падзею і браслаўчане. Каманда ў складзе старшыні РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Леаніда Мікшты і актыўных членаў раённай арганізацыі Яўгена Падагеля, Уладзіміра Пабяржына, Станіслава Ставіцкага і Уладзіміра Навумава выправілася на злёт, каб не толькі сустрэцца з сябрамі, а яшчэ прадэманстраваць свае фізічныя і мастацкія здольнасці.

Пасля цёплых прывітальных слоў і сяброўскіх абдымкаў ужо ў першы вечар прайшоў мастацкі конкурс, на якім з поспехам выступіў Яўген Падагель.

Прыемна адзначыць, што браслаўчане з годнасцю вытрывалі і спартыўныя выпрабаванні. Так, С. Ставіцкі стаў самым меткім стралком і атрымаў І месца. Званне «самых моцных рук» дасталася Я. Падагелю, які ў армрэслінгу перамог усіх сваіх сапернікаў. Таксама журы высока ацаніла добраўпарадкаванне лагера і сімволіку каманды і ўручыла руплівым гаспадарам дыплом І ступені. Гасціннасць жыхароў нашага раёна добра вядома ўсім. Без юшкі з браслаўскай рыбы ды духмяных шашлыкоў ці запечаных на вогнішчы маякоўскіх кілбасак не праходзіць ні адна сустрэча на прыродзе. Менавіта гэтыя стравы і прадставілі журы і ўсім удзельнікам злёту нашы «афганцы». Кулінарныя здольнасці далі ім магчымасць узняцца на другую прыступку п’едэстала гэтага конкурсу. Відовішчна і азартна прайшоў турнір па перацягванні каната, у якім браслаўчане апынуліся ў тройцы лідараў.

Не дзіўна, што з такімі поспехамі і перамогамі наша каманда заняла агульнае І месца і атрымала кубак.

Акрамя спаборніцтваў, адзначыў Л. Мікшта, на злёце была і насычаная культурная праграма. Перад удзельнікамі выступалі калектывы Лепельскага РДК, ды і сярод былых «афганцаў» нямала добрых спевакоў. Так што перабор гітарных струн і песні пра далёкую вайну гучалі бесперапынна.

Перад развітаннем з гасціннай Лепельшчынай удзельнікі злёту наведалі мясцовы краязнаўчы музей і ўсклалі вянкі да помніка воінам-інтэрнацыяналістам. — Безумоўна, гэта мерапрыемства, — кажа Л. Мікшта, — у першую чаргу напамін пра афганскую вайну, на якой тысячы беларусаў годна выконвалі свой воінскі абавязак. Да таго гэта добрая магчымасць сабрацца разам і абмеркаваць асабістае жыццё. Дзякуй кіраўніцтву раёна за дапамогу ў арганізацыі паездкі. У наступным годзе такі злёт плануецца правесці на Браслаўшчыне, таму трэба прыкласці нямала намаганняў, каб міжнародная сустрэча прайшла на годным узроўні. ■

Алена ПЯТУШКА.