У першай школе да новага навучальнага года арганізавалі фрымаркет

Власть и общество
«Дзякуй за абноўкі». Менавіта з такімі словамі ў мінулую суботу пакідалі браслаўчане двор СШ № 1 імя А. М. Жданава, дзе прайшоў чарговы, летні фрымаркет.

Ідэя бясплатнага кірмашу трывала прыжылася ў першай школе. На працягу трох гадзін — а звычайна столькі доўжыцца мерапрыемства — наведвальнікі могуць аддаць уласныя рэчы, што сталі ўжо непатрэбнымі, і выбраць сабе ўпадабаныя.

Гэтым разам фрымаркет прымеркавалі да пачатку новага навучальнага года, пра што адміністрацыя ўстановы аб’явіла на бацькоўскіх сходах, а вучнёўскі актыў пастараўся праінфармаваць гараджан, развесіўшы аб’явы ў найбольш людных месцах. Таму на кірмашы былі школьныя партфелі, многа адзення на дзяцей рознага ўзросту — касцюмы і сарочкі для хлапчукоў, спаднічкі і кофтачкі для дзяўчат (дарэчы, вельмі прыстойнай якасці), абутак, верхняя вопратка. Шмат чаго знайшлося і для дарослых.

Адны ўдзельнікі мерапрыемства аддавалі пакеты педагогам, якія раскладвалі рэчы, і накіроўваліся да расстаўленых сталоў на пошукі абновак, іншыя ж, праходзячы каля школы па сваіх справах, пакідалі прынесенае са словамі: «Нашы дзеці ўжо выраслі з адзення, няхай хтосьці носіць на здароўе».

Гэты фрымаркет прыйшоўся надзвычай дарэчы для тых, каму патрэбна была дапамога пры падрыхтоўцы да школы. Агульнае меркаванне выказала адна маці: «Малайцы! Зрабілі такую карысную справу перад пачаткам навучальнага года — бацькам вельмі зручна».

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.