У Відзах устанавілі помнік на месцы ліквідацыі яўрэйскага гета

75 гадоў з дня вызвалення Беларусі Беларусь помнит
На месцы расстрэлу яўрэяў непадалёку ад Відз усталявалі помнік, які будзе нагадваць пра трагічныя падзеі 1941 — 1942 гг.

…У Відзы нямецкія войскі ўступілі ў чэрвені 1941 года. Для мясцовых жыхароў пачаўся трагічны перыяд фашысцкай акупацыі. Найбольш жахлівым быў лёс яўрэяў. Прыблізна з месяц яны жылі па-ранейшаму ў сваіх хатах і абавязкова павінны былі насіць жоўтыя лаціны, прышытыя да вопраткі спераду і ззаду. Яўрэям забаранялася мець зносіны з астатнім насельніцтвам, наведваць грамадскія месцы. Загадвалася здаць жывёлу, птушку, футры і іншыя цёплыя рэчы. Пад прымусам людзей ганялі на розныя работы. Немцы рабавалі яўрэйскае насельніцтва і адкрыта, і шляхам вымагання прыхаваных каштоўнасцей — прымушалі плаціць за жыццё.

Пазней для яўрэяў было створана гета, якое размяшчалася на сучасных вуліцах Пушкіна і Горкага і было агароджана дротам. На гэтай тэрыторыі панавала жахлівая цесната, жылі па некалькі сем’яў у адной кватэры, без медыцынскай дапамогі і элементарных санітарных умоў. Некаторыя не вытрымлівалі і паміралі ад хвароб. Гэта стала пачаткам фізічнага знішчэння відзаўскай яўрэйскай суполкі. У снежні 1942 года гета было ліквідавана. Яўрэяў вывозілі групамі на балота непадалёку ад пасёлка, дзе прымушалі капаць сабе магілу. Расстрэльвалі іх вайскоўцы літоўскага гарнізона. Нядаўна ў рамках праграмы па ўвекавечанні памяці ахвяр Халакосту на месцы трагедыі быў устаноўлены помнік.

Як паведаміў каардынатар мемарыяльнага праекта Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і суполак Ігар Краверскі, гэта праграма дзейнічае ў нашай краіне з 2004 года, і дзякуючы фінансавай падтрымцы замежных спонсараў за гэты перыяд устаноўлена больш за сотню помнікаў ахвярам Халакосту. Работа гэта будзе працягвацца і далей.

Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара