Ураджайнасць у КУСП «Браслаўскі» на 3 ц/га больш за мінулагодні паказчык, але падводзіць вынікі яшчэ рана

Экономика и финансы
Жніво ў раёне пераваліла за палову. Пакуль у агульны каравай нашы аграрыі паклалі больш за 23 тысячы тон зерня і кожны дзень прыбаўляюць прыкладна тысячу.

Сваю частку ўносіць і невялікая гаспадарка КУСП «Браслаўскі», у якой трэба ўбраць збожжавыя і зернебабовыя культуры з плошчы 1 230 гектараў. З заданнем ужо справіліся на 60 %: намалацілі 1 277 тон, агульная ўраджайнасць па гаспадарцы складае 17,1 ц/га, што адносна нямнога, але як мінімум на 3 ц/га больш за мінулагодні паказчык.

— Пакуль рабіць высновы пра тое, як склалася сёлетняя ўборка для нашай гаспадаркі, рана, — гаварыў у сераду падчас нашай сустрэчы дырэктар КУСП «Браслаўскі» Аляксандр Кірчанка. — Па-першае, — працягваў ён, — зерне сабрана толькі на 60 % плошчаў. Падругое, у гэтым годзе гаспадарка ўвайшла ў склад Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры, і гэта новы вопыт для нас. Безумоўна, ад шэфаў мы атрымліваем пэўную дапамогу, але ж трэба памятаць, што яна не бясплатная і плаціць па рахунках рана ці позна прыйдзецца. Пакуль жа магу адзначыць: нягледзячы на тое, што пасевы азімых культур моцна пацярпелі ад засухі, усё ж такі асноўны ўраджай сабралі менавіта з іх. Лепш жа за ўсё ўрадзіла трыцікале. Таму ў гэтым годзе зноў будзем імкнуцца асноўны клін адсеяць восенню. Стаўку зробім на азімыя культуры.

Дарэчы, гаспадарка мае чатыры зернеўборачныя камбайны і адпаведна столькі ж правераных часам камбайнераў. Гэтыя механізатары задзейнічаны на самых адказных работах. На 7 жніўня Вацлаў Сцілба, напрыклад, намалаціў больш за ўсіх у гаспадарцы — 252 тоны зерня, крыху менш убралі Франс Пузырэўскі і Юрый Жаўняровіч. А вось Эдгар Лязанін пастаянна змагаецца за лідарства ў раённым спаборніцтве сярод маладых камбайнераў. З намалотам 228 тон зерня на тую ж дату ён быў трэцім па раёне.

Нягледзячы на тое, што Эдгару ўсяго 28 гадоў, яго лічаць у гаспадарцы вопытным спецыялістам: малады мужчына працуе тут ужо каля 13 гадоў. Успамінае, што яшчэ ў дзясятым класе летам быў памочнікам камбайнера. Цяпер другі год запар сам убірае хлеб на айчынным «Палессі». ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.