Трэніроўкі, экскурсіі і смачная ежа. Хто і як адпачывае летам у Відзаўскім каледжы

В свободное время
З усіх відаў аздараўлення дзяцей найбольш папулярным з’яўляецца лагер, бо гэта актыўны адпачынак, радасць зносін з сябрамі, пазнанне навакольнага свету, мноства
станоўчых эмоцый. Менавіта такім становіцца адпачынак на летніх канікулах школьнікаў з розных гарадоў у Відзаўскім каледжы.

Першымі сёлета тут бавілі свой вольны час удзельнікі спартыўна-аздараўленчага лагера з эстэтычным ухілам, які арганізуе грамадскае аб’яднанне «Клуб зносін і творчасці “Гармонія”» г. Маладзечна. Па словах намесніка дырэктара каледжа Ніны Лапкоўскай, асноўным напрамкам вучэбна-выхаваўчай дзейнасці лагера было эстэтычнае развіццё дзяцей: яны займаліся танцамі, ігралі на музычных інструментах, спявалі. Дарэчы, ужо больш за 10 гадоў запар маладзечненскія школьнікі адпачываюць у Відзах. Некаторыя з іх прыязджалі сюды дзецьмі, затым важатымі, а цяпер працуюць выхавальнікамі.

Не паспелі сціхнуць звонкія галасы юных артыстаў, як зноў восьмы раз у каледж завіталі навучэнцы Мінскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.

Для гасцей тут створаны ўсе належныя ўмовы. Жывуць дзеці ў камфортных пакоях інтэрната, да іх паслуг спартыўная, трэнажорная і актавая залы, дзе яны трэніруюцца і адпачываюць. А пасля фізічных нагрузак з задавальненнем адпраўляюцца ў сталовую, дзе іх чакаюць смачныя і разнастайныя стравы з прадуктаў, вырашчаных у вучэбнай гаспадарцы каледжа, і прыгатаваныя ўмелымі рукамі повараў установы.

У госці да дзяцей першай змены прыязджалі бацькі, якія мелі магчымасць застацца на некалькі дзён і пераначаваць у інтэрнаце каледжа. Яны высока ацанілі паўнавартасны адпачынак сваіх дачок і сыноў. — Выхаваўчая дзейнасць у лагерах, — адзначае Н. Лапкоўская, — ажыцяўляецца па плане, у аснове якога інтэрактыўныя формы работы, што развіваюць творчыя і камунікатыўныя здольнасці дзяцей.

Кожны дзень выхаванцаў насычаны рознымі падзеямі. Акрамя трэніровак, для іх ладзяцца спартыўна-аздараўленчыя і забаўляльныя мерапрыемствы. Каб разнастаіць адпачынак дзяцей, супрацоўнікі каледжа праводзяць для іх экскурсіі па наваколлі, таксама ў вучэбную гаспадарку і свой музей. Шмат станоўчых эмоцый атрымалі дзеці падчас наведвання вальераў каледжа, дзе назіралі за страусамі і аленямі.

— Прыемна супрацоўнічаць з гасціннымі гаспадарамі, — кажа начальнік лагера Антон Аронсан, — якія клапоцяцца пра сваіх гасцей і ўсе пытанні, што ўзнікаюць, вырашаюць якасна і аператыўна. Таму вельмі ўдзячны супрацоўнікам каледжа, адміністрацыі і асабіста дырэктару Міхаілу Смірнову за арганізацыю адпачынку на высокім узроўні.

Пасля змены юных веласіпедыстаў у каледжы яшчэ будуць адпачываць навучэнцы мінскай сярэдняй школы і цэнтра дадатковага выхавання дзяцей і моладзі. Гэта яскравае сведчанне таго, што ў навучальнай установе гасціннасць даўно стала добрай традыцыяй. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.