Сёлетнія раскопкі на востраве Манастыр завяршыліся. Што знайшлі археолагі?

Актуальное В свободное время Год малой родины
На востраве Манастыр археолагі і валанцёры скончылі двухтыднёвыя раскопкі, ініцыяваныя грамадскай арганізацыяй «Цэнтр рэгіянальнага развіцця “Браслаў”». Што шукалі і да якіх высноў прыйшлі, мы пацікавіліся непасрэдна ў археолагаў.

Нягледзячы на апошні дзень раскопак, работа на востраве кіпіць: нехта праводзіць разведку, хтосьці займаецца фотаздымкай і пазначае месца раскопаў, але большая частка згрупавалася каля нечаканай знаходкі — рэшткаў чалавечага шкілета.

Хлопцы і дзяўчаты па чарзе беражліва падкопваюць зямлю вакол, счышчаюць яе з костак. Выбраны пясок і гліну тут жа побач прасейваюць на наяўнасць артэфактаў.

— Перад пачаткам экспедыцыі ставілі мэту вызначыць характар культурнага слою і знайсці фундамент манастырскіх пабудоў.

Разам з тым дзякуючы знаходкам, — а гэта манеты розных часоў, самая ранняя з якіх датуецца 1547 годам, — можна дакладна пацвердзіць звесткі папяровых крыніц пра час заснавання манастыра. Удалося знайсці і падмуркі. Ёсць кераміка, шкло, будаўнічыя матэрыялы, — расказвае Мікалай Плавінскі, кіраўнік археалагічных даследаванняў, загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных навук і ўстойлівага развіцця Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава БДУ. — Напрыканцы нашых даследаванняў адшукалі і рэшткі некалькіх шкілетаў.

Разам з ім і валанцёрамі мы пачынаем разглядаць найбольш цікавыя з гістарычнага пункту гледжання знаходкі: манеты, пацерку ружанца, спражку… Яны, дарэчы, акуратна ўпакаваныя ў пакеты з пазначэннем часу і месца. Плануецца, што пасля іх апісання і здачы справаздачы артэфакты вернуцца на захаванне ў Браслаўскае аб’яднанне музеяў. Побач з намі ў гэты час знаходзіцца браслаўчанін Андрэй Пяткун. Яму, дарэчы, пашчасціла аднаму з першых знайсці манеты на востраве.

— Мой водпуск супаў з датамі правядзення экспедыцыі, таму з задавальненнем уключыўся ў працу. Правёў тут практычна два тыдні. Адчуванні, калі што-небудзь знаходзіш, неверагодныя! — дзеліцца ўражаннямі хлопец. — Спадзяюся, што некалі буду са сваімі роднымі разглядаць іх у музеі і ганарыцца, што ўнёс свой уклад у захаванне гісторыі Браслаўшчыны.

На востраве побач, плячо да пляча працавалі розныя людзі: ад навукоўцаў да студэнтаў з Мінска, Брэста, Віцебска, Бярозы, Гродна, Глыбокага і многіх іншых гарадоў. Больш за 90 заявак на ўдзел падалі валанцёры. Жылі ў палатачным лагеры, які дапамог арганізаваць на сваёй тэрыторыі нацыянальны парк «Браслаўскія азёры», кожны дзень за некалькі кіламетраў дабіраліся на востраў. Працавалі з раніцы да позняга вечара, нягледзячы на спякотнае сонца ці дождж. За два тыдні археолагі і валанцёры пераглядзелі літаральна кожны сантыметр зямлі на плошчы больш за 50 кв. метраў.

Да пошукаў рэшткаў манастыра прымкнулі нават дайверы! У прыватнасці, яшчэ восенню мінулага года віцебскі клуб «Сталкер» займаўся вывучэннем водных прастораў возера Неспіш і наткнуўся на рэшткі свай, на якіх некалі стаяў драўляны мост, што злучаў востраў з «Вялікай» зямлёй. Сёлета дайверы са сталічнага цэнтра «Марскі пегас» пазначылі 24 сваі, зрабілі спіл з адной і адправілі яго на даследаванне ў лабараторыю, бо па ўзросце дрэва можна будзе яшчэ больш дакладна вызначыць час заснавання базыльянскага манастыра.

— Дно глеістае, таму пошукі расцягнулі на два дні, бо неасцярожны рух — і вада мутная, а гэта ўскладняе работу. Абследавалі сваі, зафіксавалі іх вышыню, а гэта прыкладна 5-6 метраў, вызначылі, у якім накірунку быў мост і яго прыкладныя памеры (даўжыня — 100 метраў, шырыня — 2). Цяпер з цікавасцю будзем чакаць вывадаў экспертаў з Акадэміі навук, — кажа ўдзельнік падводнай экспедыцыі Ілья Шуст, які, дарэчы, так пранікся раскопкамі, што застаўся яшчэ на некалькі дзён дапамагаць валанцёрам.

У апошні дзень раскоп акуратна закансервавалі, пры наяўнасці фінансавання працы будуць працягнуты. Пакуль жа арганізатары плануюць зрабіць макет манастыра і маста.

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара