Першым у Браслаўскім раёне перавёз тысячу тон збожжа вадзіцель з «Маяка Браслаўскага»

Актуальное Экономика и финансы

На фота: Аднымі з першых перадавіка павіншавалі Аляксандр Баданін і Рамуальд Шукель.

Навіны наконт камбайнера-тысячніка з’явіліся на Браслаўшчыне яшчэ два тыдні таму назад. Цяпер надышла чарга і вадзіцеляў, у якіх аб’ём перавезенага збожжа пераваліў за лічбу з трыма нулямі.

Першым у раёне такога паказчыка дасягнуў шафёр з «Маяка Браслаўскага» Антон Пяткевіч. Дарэчы, ён жа быў па-за канкурэнцыяй і летась.

Вадзіцель шчыруе на літаральна па вінціку перабраным сваімі рукамі КАМАЗе, які ў мінулым годзе гаспадарка набыла з ваеннага захоўвання. Цяпер тэхніка працуе выключна з мірнымі мэтамі. І няблага: штодзень Антон Баляслававіч адвозіць ад камбайнаў па 60-70 тон зерня. На пытанне, у чым сакрэт стабільнага поспеху, сціпла адказвае: «Працуем і ўсё». Хітруе, бо проста працаваць сёння недастаткова: трэба рабіць гэта максімальна эфектыўна і самааддана, улічваючы мноства фактараў. На справе так і ёсць: тэхналагічны ланцужок у «Маяку» ладны і адпрацаваны гадамі, на кожным участку — правераныя людзі. Таму і за вынікі не сорамна, у тым ліку персанальныя.

Між іншым, дасягненне не засталося незаўважаным. «Тысячніка» павіншавалі не толькі па карпаратыўнай і прафсаюзнай лініі: асабіста паціснуць яму руку і ўручыць Падзяку райвыканкама прыехаў кіраўнік раёна Аляксандр Баданін. Кароткая сустрэча, цёплыя словы, пажаданні, наказы — і КАМАЗА. Пяткевіча зноў накіроўваецца ў рэйс: надвор’е цяпер хлебаробаў не песціць — на рахунку літаральна кожная хвіліна.

Тым часам яшчэ адна ўзнагарода знайшла свайго героя на палетках «Бярозавага краю».

Ужо добра знаёмага нашым чытачам Сяргея Зелянкевіча павіншаваў начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў і галава абласной арганізацыі БРСМ Вячаслаў Хрол, бо механізатару-двухтысячніку няма і трыццаці, а таму ён варты пашаны не толькі як перадавік, але і як годны прыклад прадстаўніка маладога пакалення беларусаў.

Тэкст і фота Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА.