На Браслаўшчыне тэхнічныя інспектары прафсаюзаў правялі маніторынг арганізацыі аховы працы

Власть и общество
На мінулым тыдні ў Браслаўскім раёне працавала група тэхнічных інспектараў Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, якія правяралі стан і выкананне правілаў аховы працы на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях. У адным з рэйдаў пабывала і карэспандэнт «Браслаўскай звязды».

Маніторынг у раёне праходзіў адначасова ў некалькіх арганізацыях. Нам з тэхнічным інспектарам Аляксандрам Жынем і старшынёй Браслаўскага аб’яднання прафсаюзаў Паўлам Сільчонкам выпала наведаць ТБЗ «Браслаўскі» і сельскагаспадарчае прадпрыемства «Урбаны» нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры».

Па дарозе на торфабрыкетны завод абмяркоўваем няшчасныя выпадкі, што адбыліся на вытворчасці ў апошні час, і іх прычыны. Прыходзім да высноў, што многіх трагедый магло не быць, калі б людзі больш пільна прытрымліваліся правілаў бяспекі.

— Мэта такіх рэйдаў — аказанне кансультацыйнай i метадычнай дапамогі, — кажа П. Сільчонак. — Адна з галоўных задач прафсаюза — адстойваць інтарэсы работнікаў, у тым ліку права на бяспечныя ўмовы працы.

Тым часам на торфабрыкетным заводзе нас ужо чакаюць інжынер па ахове працы Вольга Карагіна і галоўны інжынер прадпрыемства Яўген Шаляпёнак. Разам з імі праходзім па цэхах і падсобных памяшканнях прадпрыемства.

Усюды бачны гаспадарскі падыход, чысціня і парадак, выдатна абсталяваныя пакоі адпачынку і прыёму ежы, сучасны кабінет аховы працы, дзе праводзяць навучанне з выкарыстаннем відэаўрокаў. А як справа ідзе на практыцы? Непасрэдна на працоўным месцы? У электрамеханічным цэху А. Жынь пільна вывучае абсталяванне, праглядае дакументы са схемамі, уносіць вусныя рэкамендацыі. Далей пераходзім у складское памяшканне: увагу прыцягваюць драўляныя стэлажы без указання іх грузападымальнасці і лесвіца, якая не адпавядае патрабаванням бяспекі. Тэхнічны інспектар адразу ж прыводзіць у прыклад няшчасны выпадак на вытворчасці, дзе рабочы атрымаў траўмы, выкарыстоўваючы такое ж няспраўнае прыстасаванне. У цэлым жа асаблівых заўваг прадпрыемству не было вынесена, а тыя рэкамендацыі, што будуць накіраваны ў адрас прадпрыемства, можна хутка і лёгка выканаць.

Ва «Урбаны» мы трапляем у разгар працоўнага дня. На палетках прадпрыемства заканчваюць уборку збожжавых, і таму праца кіпіць літаральна на кожным квадратным метры ў рамонтных майстэрнях і на сушыльным комплексе. У вочы адразу кідаецца адсутнасць галаўных убораў, многія работнікі працуюць без спецабутку, што з’яўляецца парушэннем, ёсць няспраўнае абсталяванне, не пазначанае адпаведным чынам. Інжынер па ахове працы Уладзімір Угарэнка і кіраўнік гаспадаркі Мікалай Рымдзёнак адразу бяруць заўвагі на заметку і абяцаюць ліквідаваць недахопы ў бліжэйшы час.

— Усе рэкамендацыі па паляпшэнні некаторых пытанняў аховы працы мы вышлем на прадпрыемствы. Кіраўніцтва павінна іх разгледзець і прыняць адпаведныя меры. У цэлым жа ліквідацыя многіх парушэнняў, якія выявіліся падчас маніторынгу, не патрабуе шмат часу і фінансавых выдаткаў, але, выправіўшы іх, можна захаваць здароўе сваіх работнікаў, — падвёў вынікі рэйду Аляксандр Жынь. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.