Бацька, сын, унук — усе будаўнікі. Гісторыя сям’і з Браслава

Власть и общество
Агульны працоўны стаж Ігара Астапкі, муляра 4 разраду і брыгадзіра комплекснай брыгады, у Браслаўскай перасоўнай механізаванай калоне перавышае 20 гадоў. Але не заўсёды Ігар Баніфацыевіч, якому сёлета ў красавіку споўнілася 60 гадоў, быў будаўніком.

Нарадзіўся Ігар у г. Мыцішчы Маскоўскай вобласці. Там закончыў школу, пайшоў у армію, затым працаваў на заводзе токарам.

Так склаліся жыццёвыя абставіны, што бацька жыў у Беларусі — у Друйску. Калі сын прыязджаў наведаць яго, пазнаёміўся з браслаўскай дзяўчынай, якая вучылася на маляра-аддзелачніка ў расійскім Падольску. Спадабаліся яны адзін аднаму, а пасля рэгістрацыі шлюбу маладыя вырашылі абжываць сямейнае гняздо ўсё ж такі на Браслаўшчыне.

— Ніколі не пашкадаваў пра такі выбар, — кажа Ігар Баніфацыевіч. — На працу ў механізаваную калону прыйшоў у 1985 годзе, і з таго часу нічым, акрамя будаўніцтва, больш не займаўся. Спачатку з жонкай жылі ў бацькі, хутка арганізацыя выдзеліла пакой у інтэрнаце, а потым і кватэру атрымалі.

Як бетоншчык і муляр І. Астапка прымаў самы непасрэдны ўдзел у будаўніцтве на Браслаўшчыне прамысловых прадпрыемстваў, жылля ў горадзе і на сяле, цяпер са сваёй брыгадай больш займаецца рамонтам і рэканструкцыяй раней узведзеных аб’ектаў.

— Быў час, што і на маскоўскія новабудоўлі давялося паездзіць, — адкрыта прызнаецца Іван Баніфацыевіч, — але не ў пошуках лёгкага хлеба, яго ўвогуле нідзе не існуе, проста, як і многім іншым, хацелася нешта зарабіць.

Сёння будаўніка з вялікім жыццёвым і прафесійным вопытам паважаюць і цэняць у ПМК-42. Па словах намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Антаніны Жойдзь, І. Астапка не толькі высокакваліфікаваны работнік, а і добры арганізатар. У яго брыгадзе ніхто не будзе хадзіць па будаўнічай пляцоўцы, чапляючыся нагой за нагу, бо ўмее ён трапным словам узварушыць таго, хто пачынае «драмаць» на рабочым месцы. Нездарма ж і абавязаную асобу кіраўніцтва калоны накіравала менавіта ў яго брыгаду.

Поруч з бацькам, хоць і ў другой брыгадзе, працуе сёння ў механізаванай калоне бетоншчыкам і сын Павел. Хоць такая спецыялізацыя даволі ўмоўная. У Відзаўскім каледжы хлопец атрымаў спецыяльнасць «майстар лесу», але, як і бацька, лёс свой звязаў з будаўніцтвам. Пасля службы ў арміі выконваў малярныя, цяслярскія, тынкавальныя работы як у ПМК, так і ў прыватных арганізацыях, а летась, як лічыць сам, канчаткова «асеў» у механізаванай калоне.

Унук будаўніка Уладзіслаў, студэнт 3 курса прафесійна-тэхнічнага будаўнічага каледжа, таксама пайшоў па слядах блізкай радні: асвойвае ў навучальнай установе спецыфіку аж трох спецыяльнасцей — муляра, зваршчыка і мантажніка. Свядома абраў такую прафесію, нягледзячы на перасцярогі Ігара Баніфацыевіча, што работа ў будаўнічай галіне патрабуе вельмі шмат фізічных сіл. Два гады запар Улад праходзіць двухмесячную практыку менавіта ў ПМК-42. Летась, напрыклад, плячо ў плячо з дзедам працаваў на рэканструкцыі школы ў Верхнядзвінску і хоць стамляўся, але застаўся задаволены.

На пытанне, чым прыцягвае будаўніцтва сямейную дынастыю, бацька з сынам у адзін голас адказалі: «Вабіць сам працэс стварэння новага ці аднаўлення таго, што пачало старэць, а найбольш — канчатковы вынік калектыўнай працы, калі глядзіш на тое, што зрабілі рукі людскія, і аж душа радуецца». ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.