Ветлівыя Фёдар і Вольга Ветравы ўмеюць дагадзіць нават самаму прыдзірліваму пакупніку

Люди
За тыдзень магазін на калёсах з «Маяка Браслаўскага» аб’язджае ўвесь раён — ад Казян да Друі. У кожным з 35 населеных пунктаў, дзе спыняецца аўталаўка, у пэўны дзень у вызначаным месцы за свежай мясной прадукцыяй збіраецца чарга пакупнікоў.

Многія браслаўчане даўно прывыклі купляць мяса менавіта з мясцовага СВК, бо тут яно заўсёды свежае. І сапраўды, каўбасны цэх «Маяка Браслаўскага», дзе рыхтуюць свініну і ялавічыну, іншыя мясныя вырабы да продажу, пачынае працу ранкам. Там свежае мяса круцяць на фарш, начыняюць каўбасы, робяць вяндліну і толькі пасля гэтага адпраўляюць прадукцыю да спажыўцоў.

Адзначу, што важную ролю для пакупнікоў іграе не толькі тавар, а і яго прадавец. Напэўна, яшчэ і па гэтай прычыне маякоўскі магазін на калёсах заўсёды вяртаецца пусты. Ветлівыя Фёдар і Вольга Ветравы ўмеюць дагадзіць нават самаму прыдзірліваму пакупніку. Дарэчы, сямейная пара працуе ў сферы гандлю ўжо 8 гадоў.

Больш за 200 кг мясной прадукцыі прывозіць кожны дзень пакупнікам аўталаўка «Маяка Браслаўскага»

За гэты тэрмін вадзіцель так вывучыў дарогі раёна, што жартуе: можа ехаць па іх з закрытымі вачыма. А Вольга памятае сваіх пакупнікоў не толькі ў твары, а і даўно вывучыла іх густы: ведае, хто любіць мяса больш тлустае, хто каўбасу пераважна свіную. Пры гэтым хуткасці і правільнасці ў разліках прадаўцу не займаць. Кожны дзень Вольга прадае мясной прадукцыі прыкладна на 2 тысячы рублёў. За штодзённай мітуснёй яна не забываецца ўсміхнуцца пакупнікам, спытаць пра справы, падзякаваць за пакупку. Фёдар жа пастаянна падтрымлівае калегу, дапамагае ёй перастаўляць цяжкія скрыні, сочыць за парадкам.

Ад пакупнікоў жа ў адрас пары можна пачуць толькі станоўчыя водгукі. Пра гэта сведчаць і лісты са словамі падзякі Фёдару і Вользе, што прыходзяць на адрас рэдакцыі. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.