Перамаглі ў танцах і падарылі капялюш міністру. Як браслаўчане прадставілі раён на «Славянскім базары»

Новости

На фота: Валянціна Лук’янец, Наталля Парахневіч і Жанна Міхновіч прадстаўлялі браслаўскія рамёствы ў Віцебску

Штогод работнікі культуры Браслаўшчыны прымаюць удзел у розных мерапрыемствах культурнага форуму ў Віцебску. І кожны раз яны імкнуцца паказаць свае лепшыя напрацоўкі, годна прэзентаваць раён. Чарговы візіт на «Славянскі базар» зноў даказаў, што нашы культработнікі — сярод лепшых у вобласці.
НА БРАСЛАЎСКІМ ПАДВОР’І

Праект «Беларуская гасціннасць» сабраў на адной пляцоўцы прадстаўнікоў усіх раёнаў Віцебшчыны. Яны прэзентавалі рэгіянальную нацыянальную кухню, мясцовыя брэндавыя мерапрыемствы, нематэрыяльна-культурныя каштоўнасці.

Браслаўшчына брала ўдзел у блоку пад назвай «Віцебшчына святочная» і знаёміла наведвальнікаў свайго падвор’я з мясцовымі адметнымі святамі — «Браслаўскія зарніцы» і «Меч Брачыслава». Гасцей браслаўчане частавалі рознымі стравамі, якія з даўніх часоў гатуюць у нашай мясцовасці, спявалі самабытныя песні, здзіўлялі «жывымі» скульптурамі. На асобнай сцэнічнай пляцоўцы адбылася і абарона брэндавых мерапрыемстваў. Работнікі культуры ў тэатралізаванай форме з удзелам народнага ансамбля «На панадворку» і тэатра мініяцюр «Покер» расказалі пра асаблівасці фестываляў, іх слаўную гісторыю і запрасілі ўсіх гледачоў наведаць Браслаўшчыну.

ПЕРАМОЖНАЯ ЛЯВОНІХА

Шосты турнір нацыянальных танцаў сабраў удзельнікаў з усіх рэгіёнаў Віцебскай вобласці, Мінска, Мінскай вобласці, Гомеля і Гомельскай вобласці. Дарэчы, некалі яго пачыналі праводзіць у Браславе, а праз некаторы час перанеслі маштабны конкурс на «Славянскі базар». Сёлета ён сабраў больш за 70 пар, якія спаборнічалі за званне лепшага танцавальнага дуэта ў трох узроставых катэгорыях. Браслаўчане падрыхтавалі да ўдзелу 3 пары, а адной — Юліі Бялецкай і Яўгену Тоўсціку — нават удалося прайсці ў фінал. Як расказала Юлія, падрыхтоўка за турніру вялася загадзя: развучвалі розныя народныя танцы — каханачка, лысы, ночка, каробка, абэрак, базар і інш. Удзельнікі прайшлі некалькі тураў, і пасля кожнага пары выбывалі з конкурсу. Аднак фінальная лявоніха, якой скончыўся трэці этап, прынесла браслаўчанам перамогу. «Навіна пра наша першае месца нас надта ўзрушыла, абрадавала. Мы вельмі стараліся, нам прыйшлося танцаваць некалькі гадзін з перапынкамі. Хваляваліся, каб не збіцца і нічога не пераблытаць, аднак у нас усё атрымалася!» — падзялілася эмоцыямі Ю. Бялецкая.

КАПЯЛЮШ ДЛЯ МІНІСТРА

Майстры ўсіх відаў народнай творчасці кожны год прыязджаюць на «Славянскі базар», каб паказаць свае ўменні, абмяняцца вопытам, паўдзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах. Сёлета прадстаўляць Браслаўшчыну адправіліся сям’я Лук’янец, Жанна Міхновіч і Наталля Парахневіч. Яны знаёмілі гасцей свята са сваёй творчасцю і праводзілі майстар-класы для ўсіх жадаючых навучыцца азам рамёстваў.

Акрамя ўдзелу ў «Горадзе майстроў», браслаўчане спрабавалі свае сілы ў двух конкурсах. Так, Элеанора Зінкевіч удзельнічала ў свяце-конкурсе майстроў народных мастацкіх рамёстваў па саломапляценні «Папараць-кветка». Яна на месцы пляла шкатулку, якую потым ацэньвала журы. Яно адзначыла якасць і тонкасць работы: другое месца сярод майстроў Беларусі і блізкага замежжа. Аднак Э. Зінкевіч удзел у мерапрыемстве запомніцца не толькі дыпломам: конкурс наведваў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, якому браслаўская майстрыха падарыла прыгожы саламяны капялюш.

З дыпломам і прыемнымі ўражаннямі вярнулася са «Славянскага базару» і Ларыса Дарафейчык. Патомны ганчар на гэты раз прывезла дадому ўзнагароду 3 ступені з адкрытага свята-конкурсу майстроў народных мастацкіх рамёстваў па традыцыйнай свістульцы «Салавейка – 2019», удзельнічалі ў якім не толькі беларускія, але і замежныя канкурсанты. ■

Алена НАБЕЕВА.