Студэнты-мастакі з розных краін дапамогуць аформіць сцены Браслаўскага дзіцячага карэкцыйнага цэнтра

Новости
Не першы год падчас летніх канікулаў Міжнародная грамадская арганізацыя KAJA-West арганізуе творчы палатачны лагер-пленэр на гасціннай браслаўскай зямлі.

На працягу пятнаццаці гадоў KAJA аказвае гуманітарную дапамогу беларускім дзіцячым дамам. У выніку дзейнасці членаў гэтай арганізацыі ствараюцца мастацкія аб’екты, якія потым перадаюцца ў дар дзіцячым сацыяльным установам.

Сёлета ўдзельнікамі пленэру сталі 30 студэнтаў мастацкіх і архітэктурных факультэтаў акадэмій мастацтваў, тэхнічных універсітэтаў і прафтэхвучылішч Беларусі, Польшчы, Грузіі, Латвіі, Украіны і Германіі. Размясціўся лагер у Калесніках.

У гэтым годзе перад маладымі мастакамі стаіць задача прыгожа аформіць сцены ў памяшканнях браслаўскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Найперш хлопцы і дзяўчаты са сваім кіраўніком наведалі навучальную ўстанову і пазнаёміліся з фронтам работы. Разам з дырэктарам цэнтра Ірынай Угарэнка яны склалі агульную канцэпцыю мастацкага афармлення пакояў. Ужо праз тыдзень сцены набудуць новы яскравы выгляд, які прыйдзецца даспадобы выхаванцам цэнтра. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.