Механізатар Леанід Казлоўскі — лідар корманарыхтоўкі ў «Агравідзах»

Люди
У ААТ «Агравідзы» самае вялікае пагалоўе, а таму і план па нарыхтоўцы кармоў у разы большы, чым у іншых гаспадарках. Сёлета аграрыям гэтага сельгаспрадпрыемства трэба нарыхтаваць 1 433 т сена і 28 002 т сенажу. План на сённяшні дзень выкананы амаль напалавіну. Бліжэй да восені ў «Агравідзах» пачнуць закладваць сілас: яго там разлічваюць закансерваваць больш за 27 000 тон.

Лідар корманарыхтоўкі ў ААТ «Агравідзы» — малады механізатар Леанід Казлоўскі. Ён на сваім КВК-800 на раніцу панядзелка нарыхтаваў 4 584 тоны зялёнай масы.

Малады чалавек на добрым рахунку ў кіраўніцтва, бо адносіцца да работы адказна, працуе хутка. У гэтым упэўнілася, калі ўбачыла Леаніда за рамонтам агрэгата. Механізатар у прамым сэнсе слова бегаў вакол камбайна, мяняў адзін ключ на другі, хутка пераходзячы ад гайкі да гайкі. На маё пытанне, чаму робіць усё на бягу, адказаў: «Час прастою каштуе немалых грошай, і гэта не толькі мая зарплата, а і недабор кармоў для гаспадаркі, што азначае меншую колькасць малака ад каровы і недалік грошай».

Л. Казлоўскі калісьці вучыўся ў Відзаўскім каледжы, потым вярнуўся на малую радзіму ў Мёрскі раён, дзе працаваў механізатарам. Але, як прызнаўся сам, не бачыў перспектывы ў гаспадарцы, таму, абзавёўшыся сям’ёй, прыехаў у знаёмыя «Агравідзы». Цяпер Леанід задаволены і ўмовамі працы, і сваім заробкам. Таму і завіхаецца з максімальнай аддачай. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.