Браслаўчанін на сваёй аграсядзібе збірае ўнікальную рэтра-калекцыю

Новости
Многія з нас у дзяцінстве мелі калекцыю якіх-небудзь прадметаў. У асноўным гэта былі дасціпныя паштоўкі, маркі, абгорткі і іншае. Як правіла, з узростам цікавасць да такога захаплення праходзіла. І толькі адзінкі на доўгія гады захавалі цягу да збіральніцтва. Да такіх апантаных калекцыянераў адносіцца і браслаўчанін Мікалай Валеўка.

Экскурсія па яго аграсядзібе нагадвае квэст: за кожным вуглом разнастайныя артэфакты. У кутку прыпаркаваліся аўтамабілі: нямецкі 1927 году выпуску і «Перамога» 1954-га. Вось вялікі млынавы камень, які цяпер прыстасаваны пад кветнік. Сцены альтанкі ўпрыгожваюць старадаўнія рэчы побыту. Тут жа стаіць чыгунная падстаўка 1933 года, да якой у свой час мацаваўся сцяг. У альтанцы іграе радыё эпохі Савецкага Саюза, а напіткі захоўваюцца ў важкім сейфе, які Мікалай набыў у былым райпа.

Здзіўляе і інтэр’ер пакояў «замка» для турыстаў. Ва ўсіх стаяць даўнейшыя ложкі з мудрагелістымі спінкамі. Адзін з іх нават складваецца ўдвая, і яго можна пераносіць без асаблівых цяжкасцей. Зразумела, кожны трэба было адрамантаваць і давесці да належнага стану. Замест сучаснага матраца пакладзены сяннік, што вельмі падабаецца гасцям. Старадаўнія разныя шафы, камоды, сталы, крэслы, люстэркі мінулага і пазамінулага стагоддзяў арганічна спалучаюцца ў адзіны стыль.

Паслухаць музыку можна па лямпавым радыё. Дарэчы, музычнай апаратуры розных гадоў выпуску ў Мікалая вельмі многа: патэфоны, прайгравальнікі, першыя відэамагнітафоны. Ёсць у калекцыі і спраўны арган 18 стагоддзя. Нямала разнастайных гадзіннікаў: насценныя, вялікія падлогавыя таксама ўпрыгожваюць пакоі і большасць з іх знакамітай маркі «Густаў Бекер».

Усё гэтае абсталяванне выклікае здзіўленне і захапленне. Але ёсць у «замку» пакой, у якім да гэтых пачуццяў дадаецца яшчэ і сапраўднае хваляванне.

Калі прасы, самавары, кросны, рускія і нямецкія каскі часоў Вялікай Айчыннай вайны можна ўбачыць у любым краязнаўчым музеі, то газету «Праўда» за 10 мая 1945 года знойдзеш далёка не ўсюды, як і драўляны крыж, якому больш за 200 гадоў.

Ёсць тут і нямецкі скураны плашч і боты, германская саламяная скарбонка для снарадаў і нажніцы для стрыжкі авечак, друкаваныя ручныя машынкі маркі «Масква» і « «Mercedes». Думаю, не адзін філатэліст захацеў бы ў сваю калекцыю марку з выявай фюрара, што захоўваецца ў скарбніцы Мікалая. Партыйны, прафсаюзны білеты, фотаздымкі ўсіх членаў Палітбюро Савецкага Саюза, квіткі рознага ўзору і шмат чаго іншага.

— Ужо даўно зацікавіўся рэдкімі старадаўнімі прадметамі, — кажа М. Валеўка, — бо так прыемна датыкнуцца да таго, што стала гісторыяй. Гэта выклікае шмат станоўчых эмоцый.

Больш за 30 гадоў таму назад мужчына стаў мэтанакіравана ездзіць па вёсках і пытацца ў мясцовых жыхароў пра даўнішнія рэчы. Адны з іх пыліліся на гарышчы, іншыя былі закінуты ў пунях і павецях. Некаторыя вяскоўцы аддавалі свой «хлам» бясплатна, другія прасілі грошы. У хуткім часе Мікалаю ў калекцыяніраванні пачалі дапамагаць сябры і знаёмыя, пазней падключыліся і адпачываючыя. Так, масквічы аднойчы прывезлі чыгунную аснову пад лаўку 60-х гадоў, якая калісьці стаяла ў маскоўскім скверы.

Дарэчы, вельмі складана пералічыць усе рэчы, якія назбіраў мужчына, бо іх літаральна не адна тысяча, да таго ўсе яны рарытэтныя. У планах М. Валеўкі набытыя прадметы прывесці ў парадак.

Пра сваю калекцыю Мікалай можа расказваць гадзінамі. Адзінае, чаго не ведае пра яе — прыблізнага кошту. І тлумачыць гэта проста: збірае не для продажу, а каб захаваць рэчы нашым нашчадкам. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.