Ратаўнікі правялі тактычна-спецыяльныя вучэнні на аб’ектах аграпрамысловага комплексу Браслаўшчыны

Безопасность
Блізіцца жніво. Зусім хутка на палетках гаспадарак і нашага паўночнага рэгіёна загудуць камбайны. Пакуль жа даспявае калоссе, ідзе падрыхтоўка тэхнікі, правяраюцца зернесушыльныя комплексы, удасканальваецца план правядзення сезонных работ.

У ААТ «Агравідзы», напрыклад, на працягу двух дзён ішлі тактычна-спецыяльныя вучэнні на тэму тушэння пажараў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый на аб’ектах аграпрамысловага комплексу. Тэарэтычныя і практычныя заняткі ладзіліся сумеснымі сіламі інжынернай службы па ахове працы сельгаспрадпрыемства і супрацоўнікамі РАНС.

Падчас вучэнняў высвятлялася гатоўнасць аператараў зернесушыльнага комплексу, баявых разлікаў ратавальнікаў да дзеянняў пры надзвычайных сітуацыях, адшліфоўваўся парадак ліквідацыі пажараў пры іх узнікненні.

Ратавальнікі выявілі месцы патэнцыяльнага ўзгарання на зернесушылцы, вызначылі кропкі, з якіх магчыма максімальна хутка ліквідаваць патэнцыяльны агонь.

Паралельна супрацоўнікі РАНС нагадалі аператарам пра выкананне мер тэхнікі бяспекі і праверылі спраўнасць пярвічных сродкаў пажаратушэння.

Практычная частка мерапрыемства ўключала адпрацоўку канкрэтных дзеянняў. Па легендзе вучэнняў пажарны разлік Відзаўскага аддзялення РАНС атрымаў паведамленне аб узгаранні зернесушыльнага комплексу. На месцы былі створаны баявыя ўчасткі для ліквідацыі загарання і абароны тэхналагічнага абсталявання комплексу. У ходзе правядзення вучэнняў пажар быў аператыўна ліквідаваны. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.