Як вясковы дэпутат вырашае праблемы землякоў

Новости
Ад вясковых дэпутатаў залежыць, наколькі аператыўна вырашаюцца тыя ці іншыя праблемы на месцах, а ад іх правільных рашэнняў — дабрабыт мясцовых жыхароў.

Таму нездарма на выбарах людзі аказваюць давер самым годным. У іх ліку і Таццяна Скур’ят з Казян, якая ўжо трэцяе скліканне з’яўляецца народнай абранніцай Савета дэпутатаў Відзаўскага сельсавета.

Крыху больш за 30 гадоў таму назад пасля заканчэння БДУ малады выкладчык рускай мовы і літаратуры па размеркаванні прыехала ў мясцовую школу.

— На той час, — узгадвае Таццяна, — жыццё ў Казянах кіпела. Нават у школе было больш за 100 вучняў. Ды і людзі, і прырода тут цудоўныя.

Праз некаторы час дзяўчына сярод мясцовых хлопцаў сустрэла свайго суджанага. Так і засталася яна на Браслаўшчыне, якую цяпер лічыць сваёй другой радзімай. А неабыякаваму чалавеку заўсёды хочацца, каб родныя мясціны былі дагледжанымі і добраўпарадкаванымі. Актыўная і дзейная Т. Скур’ят таксама прытрымліваецца гэтай пазіцыі.

Раней асноўныя абавязкі па навядзенні парадку ў Казянах ляжалі на вучнях. Цяпер жа ў адказе за чысціню кожны мясцовы жыхар.

— Цяжка перажывалі закрыццё школы, — з сумам кажа субяседніца, — хоць добра разумею, што аптымізацыя — справа непазбежная для малых паселішчаў.

Таццяне давялося перакваліфікавацца ў сацработніка: раней вучыла падрастаючае пакаленне, цяпер даглядае адзінокіх састарэлых. Таму надзённыя праблемы жыхароў ведае дасканала. Безумоўна, клопаты вясковага дэпутата патрабуюць нямала намаганняў і часу. Але ўсё ж галоўная справа — у маральнай адказнасці, якая не кожнаму па сіле. Зацікаўленая і спагадлівая Таццяна з імпэтам вырашае праблемы землякоў.

Так, адной бабулі трэба растлумачыць, чаму не гарыць усю ноч ліхтар каля яе хаты, для другой высветліць, калі прывязуць дровы. Дарогі «пакрыліся» выбоінамі і рытвінамі — дэпутат спяшаецца ў сельсавет, дзе, упэўнена, заўсёды атрымае дапамогу ў рашэнні многіх праблем. Два гады таму назад гаспадары забілі трывогу, як абмалаціць збожжа. З гэтым пытаннем Т. Скур’ят звярнулася да дырэктара Відзаўскага каледжа, які з ахвотай пайшоў насустрач. Цяпер на прыватныя збожжавыя палеткі прыходзіць камбайн.

Большасць казянцаў, адзначае народная выбранніца, жадаюць жыць у прыгажосці і ва ўтульнасці, таму выдатна разумеюць неабходнасць добраўпарадкавання сваёй зямлі. Агульнымі намаганнямі прыбіраюць могілкі, своечасова скошваюць траву каля дарог, наводзяць парадак і прыгажосць на ўласных падворках.

Вясковы дэпутат — гэта першае звяно ўлады, да яго людзі ідуць са сваімі пытаннямі, бедамі і канфліктамі. І з кожным такім зваротам неабходна разабрацца. Але, як падкрэслівае Т. Скур’ят, калі адчуваеш трывалую падтрымку кіраўніцтва сельвыканкама, усе справы вырашаюцца намнога лягчэй. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.