Касавіца не парадавала браслаўскіх аграрыяў

Деньги
На мінулым тыдні некаторыя гаспадаркі раёна закрылі план па першым укосе траў. Гледзячы на лічбы раённай зводкі, трэба адзначыць, што сёлета касавіца не парадавала аграрыяў вынікамі. Пераважная большасць сельгаспрадпрыемстваў недабрала масы травяністых кармоў нават у параўнанні з мінулым годам. Усяго насушана 3 809 тон сена, закладзена ў сянажных траншэях і закансервавана ў плёнку амаль 49 тыс. тон сенажу, або ў пераводзе на кармавыя адзінкі 15 680 тон.

На раніцу 8 ліпеня па сто і больш працэнтаў скасілі чатыры гаспадаркі раёна, але трэба адзначыць, што менавіта ў іх і былі меншыя плошчы. План закрылі ў ПСГП «Урбаны»: там скасілі на плошчы 415 га, КУСП «Відзаўскі» (897 га), ААТ «Бярозавы край» (1 198 га) і ААТ «Друйскі» (1 189 га). Пры гэтым толькі ў першай з гаспадарак здолелі сабраць траў больш, чым было летась, — на 2,59 ц к. адз. Астатнія ж тры мінусуюць — на 2,95, 3,67 і 2,09 адпаведна пры сярэднераённым недаборы ў 1,05 цэнтнера кармавых адзінак. А гэта значыць, што аграномам трэба тэрмінова шукаць дадатковыя плошчы для касьбы.

Перавышаны мінулагоднія аб’ёмы, акрамя названых «Урбан», у «Маяку Браслаўскім» і, што здзіўляе, райаграсэрвісе. Праўда, калі маякоўцы назапасілі аж па 17,01 ц к. адз., то ў сэрвісе пакуль што недабралі яшчэ і да шасці.

У тройцы ж лідараў знаходзяцца ўзгаданы «Маяк Браслаўскі», «Браслаўскі» (15,87) і «Слабодка-агра» (10,34). У гэтых гаспадарках добра падрыхтавалі тэхніку, належным чынам наладзілі работы на сенажацях, вырасцілі больш багаты ўраджай траў.

Мяркуючы па няскошаных плошчах траў першага ўкосу, што засталіся, перавысіць леташнія запасы ўжо не ўдасца. А таму і касавіца на гэтым не скончыцца. Безумоўна, у кожным сельгаспрадпрыемстве яшчэ знойдуцца нястраўленыя ўчасткі пашы, натуральныя лугі, з якіх і можна папоўніць сянажныя траншэі і сенасховішчы. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.