«Браслаўская звязда»: былы супрацоўнік падзяліўся ўспамінамі

Год малой родины
Ужо мінула дваццаць гадоў, як у рэдакцыі адбылася сапраўдная тэхнічная рэвалюцыя: на змену дзедаўскай прыйшла новая, камп’ютарная тэхналогія выпуску газет. Як гэта праходзіла, не на словах ведае Аляксандр Еўдакімаў: ён шмат гадоў адпрацаваў у раённым друку, у прыватнасці адказным сакратаром — трэцім чалавекам па пасадзе пасля рэдактара, які непасрэдна займаецца вёрсткай газеты і, што называецца, галавой адказвае за яе выпуск. У юбілейны год Аляксандр Аляксандравіч падзяліўся сваімі ўспамінамі.

— Безумоўна, адразу перайсці на новы лад было цяжкавата, асабліва ў псіхалагічным плане. Яно і зразумела, радыкальныя змены ў звычайным жыцці, творчасці, вытворчай дзейнасці заўсёды суправаджаюцца душэўнымі мукамі, сумненнямі і перажываннямі. Што было, тое было. Аднак некалькіх выпушчаных з дапамогай камп’ютара газетных нумароў хапіла, каб калектыў пераканаўся ў тым, што ні за якія пернікі яго ўжо не заманіш вярнуцца да старога.

Між тым гэта «старое» ўсе папярэдніх 60 гадоў у многім вызначала прафесійную дзейнасць і журналістаў, і паліграфістаў раёнкі, якія ў адной звязцы рабілі агульную справу — выпускалі газету.

…І сёння, хоць прайшлі дзесяцігоддзі, памятаю той задушлівы смурод, які зыходзіў ад катлоў лінатыпаў, дзе плавіўся гарт для адліўкі газетных радкоў, лінеек, прабельных матэрыялаў. Дарэчы, вельмі цяжкі, як і ўсё друкарскае абсталяванне — грувасткае і непадымнае, і вельмі шкодны для здароўя. Нездарма лінатыпісты і наборшчыкі ручнога набору, якія мелі справу з гэтым металам, забяспечваліся спецхарчаваннем і пры адпрацоўцы пэўнай колькасці гадоў мелі права датэрміновага выхаду на пенсію.

Гэта сёння вёрстка газетнай паласы займае лічаныя мінуты. У тыя ж часіны аналагічны працэс расцягваўся на многія гадзіны, нярэдка плаўна пераходзячы з дзённай фазы ў вячэрнюю, а то і начную. І справа тут не ў адсутнасці прафесіяналізму ў работнікаў (у большасці з іх ён быў на вышыні), а ў тым, што гэты тэхналагічны працэс даволі складаны і працаёмкі.

Той, хто бываў у мясцовым краязнаўчым музеі, дзе ў свой час размяшчаліся рэдакцыя і друкарня, ведае, якія крутыя там лесвіцы. Дык вось, па гэтых лесвіцах, што нагадваюць карабельныя трапы, друкары, а імі ў тыя гады былі пераважна жанчыны, цягалі з наборнага цэха ў падвальнае памяшканне, дзе стаялі друкавальныя машыны, пудовыя газетныя формы. Варта было аступіцца — і падлогу ўсцілала груда металічных «дэталей», з якіх, уласна кажучы, і складалася газетная паласа.

Непрыстасаванасць памяшканняў да дадзенага віду работ, поўная адсутнасць механізацыі вытворчых працэсаў, зношанасць паліграфічнага абсталявання (а яно не мянялася дзесяцігоддзямі), неналежнае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне сур’ёзна ўскладнялі работу ўсяго калектыву.

Становішча пакрысе пачало мяняцца ў станоўчы бок з уводам у эксплуатацыю новага памяшкання. Некалькі палепшыліся ўмовы працы, значна абнавілася паліграфічная база. Аднак гэтыя перамены не былі радыкальнымі, паколькі не закраналі галоўнае — тэхналогію. Тым не менш людзі шчыра радаваліся кожнай новай наборнай і друкарскай машыне.

У пачатку 2000-х такая работа стала здабыткам гісторыі і рэдакцыя стала жыць і працаваць зусім у іншых умовах. Рэдакцыйная «друкарня» пачала размяшчацца на двух камп’ютарных сталах, а ўсё яе абсталяванне вымяралася некалькімі дзясяткамі кілаграмаў. Практычна большую частку той работы па выпуску газеты, якая раней была ўскладзена на паліграфістаў, журналісты пачалі выконваць самі. І толькі яе заключны этап — друкаванне — стаў ажыццяўляцца (як, дарэчы, і цяпер) у наваполацкай тыпаграфіі, куды звярстаная і падпісаная да друку камп’ютарная версія раёнкі пачала перадавацца па каналах мадэмнай сувязі.

Хутка ў рэдакцыі з’явіліся персанальныя камп’ютары ў кожнага работніка, лічбавыя фотаапараты і іншае неабходнае абсталяванне для выпуску газеты. Па-сучаснаму сталі працаваць і журналісты, якім жадаю далейшых творчых поспехаў. ■