Гісторыя жыцця Вольгі Васільевай, якая больш за 35 гадоў кіравала Карасінскай школай

Люди
Жыццё чалавека падобна на бязмежны акіян: калі-нікалі знаходзіцца ў штылі, часта па ім прабягаюць неспакойныя хвалі, а часам налятае шторм, які з кожным валам прыносіць новыя выпрабаванні. І толькі чалавек з трывалым унутраным стрыжнем можа іх вытрымаць. Менавіта да такіх моцных духам адносіцца і жыхарка Карасіна Вольга Васільева.

За плячыма гэтай жанчыны жыццёвы шлях даўжынёй 90 гадоў. За гэты час ёй давялося зведаць дні радасці і шчасця, перажыць гора і страты.

Дзяцінства Вольгі Іванаўны прайшло на Магілёўшчыне. У сям’і было чацвёра дзяцей. Жылі бедна: часам даводзілася варыць лебяду, ды і апрануць не было чаго. Аднак, узгадвае В. Васільева, усе жылі дружна, дапамагалі адзін аднаму.

Пачатак вайны дзяўчыне запомніўся крыкамі і плачам вясковых жанчын, якія праводзілі сваіх мужчын на фронт. Нямала пакут і выпрабаванняў прынесла нямецкая акупацыя. Расстрэлы, здзекі, жах назаўсёды засталіся ў памяці. Аднойчы літаральна цудам усім жыхарам вёскі пашчасціла пазбегнуць смерці ад карнага фашысцкага атрада. Цяжкім грузам на сэрца лягла і звестка пра гібель на фронце старэйшага брата.

Пасля вайны сям’я пераехала ў Горкі, а Вольга ў хуткім часе паступіла ў Аршанскі настаўніцкі інстытут. Два гады навучання праляцелі хутка, і малады фізік-матэматык па размеркаванні трапіла на Браслаўшчыну.

— Ехаць сюды не вельмі хацелася, — прызнаецца жанчына, — бо тут было нямала бандытаў, якія наводзілі жах на людзей, асабліва на прадстаўнікоў мясцовай улады і настаўнікаў. Аднак маёй згоды асабліва ніхто не пытаўся.

Першым месцам працы В. Васільевай стала Быстрамаўская школа, дзе дзяўчыну адразу прызначылі на пасаду завуча. Неабыякавая да сваёй справы маладая настаўніца з самага пачатку праявіла актыўнасць і лідарскія якасці. Граматнага і добрасумленнага спецыяліста хутка заўважыла кіраўніцтва раённага аддзела адукацыі і прапанавала ўзначаліць Карасінскую школу.

— На той час, — расказвае Вольга Іванаўна, — мне было ўсяго 24 гады, таму, зразумела, проста жах ахопліваў, бо вельмі баялася, што магу не справіцца.

Нямала трывожных думак выклікаў і выгляд будынка школы: сцены з чорных бярвенняў, з усіх шчылін дзьмуў вецер, дах і падлога месцамі праваліліся, доўгія парты збітыя з дошак, электрычнасці не было. Але шкадаваць сябе новаспечанаму дырэктару не было калі. З маладым задорам узялася Вольга за справу і прыкладала шмат намаганняў, каб навучальнаму працэсу нічога не перашкаджала.

На той час у школе вучыліся 360 вучняў, прычым некаторыя з іх былі старэйшыя за свайго дырэктара, бо вечарамі заняткі праводзіліся і для дарослых. Настаўнікі разам з дзецьмі нарыхтоўвалі на зімовы перыяд дровы і высякалі кусты. Педагогам даводзілася па чарзе з раніцы цепліць у школе печы, аднак у маразы ўсё роўна сядзелі на занятках у паліто. Ніхто не вызваляўся і ад сельскагаспадарчых работ у калгасе, сваімі сіламі вырошчвалі на даволі вялікім прышкольным участку агародніну і садавіну.

Тым не менш, адзначае В. Васільева, усе вучні з цікавасцю і жаданнем ішлі ў школу. Многім даводзілася праходзіць па 5-6 км, а некаторых не адпускалі бацькі. Але імкненне да ведаў перамагала ўсе гэтыя перашкоды.

З цягам часу палепшылася фінансаванне адукацыі, што давала магчымасць адрамантаваць будынак, абсталяваць класы.

У Карасіне Вольга сустрэла мясцовага хлопца, які працаваў рахункаводам у калгасе. Адгулялі вяселле, выгадавалі сына і дачку.

Больш за 35 гадоў В. Васільева трывала стаяла за штурвалам Карасінскай школы. І дзякуючы яе неабыякавасці, уменню кіраваць і з імпэтам падыходзіць да справы сельская ўстанова адукацыі стала ў хуткім часе адной з лепшых у раёне. За значныя заслугі ў сферы адукацыі Вользе Васільевай прысвоена званне персанальнага пенсіянера.

Не толькі перамогі і шчаслівыя дні сустракаліся жанчыне на пераменлівай жыццёвай прасторы. Маладым ад цяжкай хваробы памёр сын, праз два гады Вольга Іванаўна страціла і мужа. І, як кажа субяседніца, менавіта работа і вучні дапамаглі справіцца з горам.

Ідуць гады, галаву пакрывае сівізна, пагаршаецца здароўе, але юбіляр не паддаецца хваробам і дэпрэсіі. І ў сваім паважным узросце застаецца актыўнай, з ясным позіркам у вачах і пачуццём гумару. Трымаць сябе ў добрай фізічнай і псіхалагічнай форме ёй дапамагаюць праца на агародзе, размінкі для розуму і пазітыўны погляд на жыццё. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.