Дзякуючы спонсарскай дапамозе «Беларускага фонду міру» ў дзвюх браслаўскіх вёсках усталяваны крытыя лаўкі

Главное Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Раней сельскі магазін ці бібліятэка былі месцамі, дзе вясковыя жыхары абмяркоўвалі апошнія навіны і вырашалі розныя пытанні. Але ў сувязі з аптымізацыяй аб’ектаў сацыяльнага абслугоўвання такія сустрэчы сталі праходзіць пад адкрытым небам падчас чакання аўталаўкі ці мабільнай лаўкі, што не надта схіляе да душэўнай гутаркі. А ў дрэннае надвор’е гэта становіцца сапраўдным выпрабаваннем, асабліва для сталых людзей.

— Безумоўна, — кажа старшыня Мяжанскага сельсавета Жанна Акула, — мы добра разумелі, што такая сітуацыя дастаўляе вяскоўцам шмат нязручнасцей, а іншым разам і фізічных цяжкасцей. Таму было прынята рашэнне ўстанавіць крытую лаўку.

З прапановай дапамагчы ў вырашэнні гэтага пытання пры садзейнічанні старшыні раённага Савета дэпутатаў Ніны Пучынскай кіраўніцтва сельсавета звярнулася ў раённую арганізацыю ГА «Беларускі фонд міру». Яе старшыня Ірына Мацук па ўзгадненні з абласным кіраўніцтвам падтрымала патрэбную ініцыятыву, на жыццяўленне якой былі выдзелены сродкі.

— Асноўныя накірункі нашай арганізацыі, — падкрэслівае І. Мацук, — даволі разнапланавыя і закранаюць палітычную, сацыяльную і грамадскую сферы. І адзін з іх — клопат, міласэрнасць і дапамога сталым людзям. Таму ніяк не маглі застацца ў баку ад вырашэння надзённай праблемы.

Прыгожыя і зручныя лаўкі, якія зрабілі ўмельцы Відзаўскага каледжа, устаноўлены ў Азяраўцах і Каленкішках. Вакол кожнай добраўпарадкавана тэрыторыя і растуць кветкі.

Як адзначылі мясцовыя жыхары, ім цяпер вельмі зручна чакаць машыны гандлёвых прадпрыемстваў і сацыяльнага абслугоўвання, за што яны выказваюць шчырую падзяку. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.