Як на Браслаўшчыне трэніруюцца выхаванцы Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву

Спорт и здоровье
Прыгожая прырода і свежае паветра Браслаўшчыны заўсёды прыцягваюць да нас турыстаў і спартсменаў, якія адпачываюць і праводзяць трэніроўкі.

Не першы год сюды прыязджаюць і выхаванцы вучылішча алімпійскага рэзерву г. Віцебска. Сёлета юныя біятланісты размясцілі свой спартыўна-аздараўленчы лагер на базе Слабодкаўскай школы. А вось трэніроўкі яны праводзяць на велатрасе, якую праклаў на тэрыторыі лесапаркавай зоны «Заборныя Гумны» гаспадар аграсядзібы «На опушке» Юрый Шакель.

— Мы ўжо даўно супрацоўнічаем, — кажа трэнер-выкладчык спартыўнай установы навучання Алег Пупін. — Дзякуючы намаганням Ю. Шакеля ў горадзе ёсць сапраўды вельмі годная траса, на якой з карысцю рыхтуемся да свайго зімовага віду спорту.

Сярод юных спартсменаў была і Наталля Карніцкая, ураджэнка агр. Ахрэмаўцы. Дзяўчына яшчэ ў школьныя гады трывала сябравала са спортам і паказвала добрыя вынікі на раённых спартыўных турнірах. І амаль 10 гадоў таму назад на зімовых спаборніцтвах «Браслаўская лыжня» яе заўважыў А. Пупін і прапанаваў паступіць у вучылішча, каб сур’ёзна заняцца біятлонам. Так дзяўчына трапіла на свой шлях да спартыўнага Алімпа.

Зразумела, 12-гадовай Наталлі спачатку было даволі цяжка звыкнуцца са спартанскім рэжымам установы. Толькі трэніроўкі праводзіліся па шэсць гадзін у дзень, а яшчэ трэба было спраўляцца і з агульнаадукацыйнай праграмай.

— Першы год, — узгадвае Н. Карніцкая, — вельмі хацелася дадому. Бывала, часам і слёзы наварочваліся на вачах. Але перамагла сябе і засталася вернай абранаму шляху. Зразумела, значную падтрымку аказваў і мой трэнер.

Хутка дзяўчына развіла спартыўныя здольнасці і выхавала ў сябе баявы дух. І ў 11 класе яна ўжо ўдзельнічала ў юніёрскім чэмпіянаце свету ў Румыніі і ў Другіх юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Нарвегіі. Далей геаграфія спартыўных спаборніцтваў толькі пашыралася.

Сёлета Наталля скончыла першы курс сталічнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Яна кандыдат у майстры спорту па біятлоне, уваходзіць у спісачны састаў нацыянальнай біятлоннай каманды і прадстаўляе Віцебскую вобласць.

Увогуле ж наша зямлячка ўжо годна заявіла пра сябе на спартыўным небасхіле. Пажадаем ёй далейшых перамог і першай прыступкі алімпійскага п’едэстала. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.