Рэпартаж з Дня Незалежнасці ў Браславе

Власть и общество
Сёлета святкаванне Дня Незалежнасці супала з юбілейнай датай — 75-годдзем вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай нагоды па ўсёй Беларусі, а таксама і ў Браславе, прайшлі святочныя мерапрыемствы.

У гэты дзень каля помніка вызваліцелям Браслаўшчыны ў гарадскім скверы сабраліся ветэраны, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь і школьнікі.

Урачысты мітынг-рэквіем пачаўся з выступлення вучняў устаноў адукацыі, якія з партрэтамі сваіх гераічных продкаў расказалі пра іх незабыўны подзвіг.

Пасля чаго ветэранаў і браслаўчан са знамянальнай датай у гісторыі нашага народа павіншаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін. Ён адзначыў, што гэты дзень увасабляе ў сабе два ключавыя для кожнага беларуса паняцці — Свабоду і Незалежнасць. І на тэрыторыі мемарыяла, дзе пахавана больш за тысячу салдат, якія вызвалялі Браслаўшчыну ў гады Вялікай Айчыннай вайны, гэтыя словы набываюць асаблівае значэнне. Падкрэслівае значнасць тых далёкіх гістарычных падзей праведзеная вялікая арганізацыйная работа па ўвекавечанні памяці загінулых. На мемарыяльныя пліты нанесены 54 прозвішчы салдат. Больш за сотню патрыятычных, выхаваўчых, краязнаўчых і ўрачыстых мерапрыемстваў прайшло з пачатку года ў населеных пунктах раёна. У гонар юбілею вызвалення Беларусі закладзены дзве алеі з 75 ліп і столькі ж дубоў.

Таксама А. Баданін падкрэсліў, што застаецца нязменным галоўны прынцып — кожны ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны заўсёды быў і застаецца ў зоне асаблівай увагі органаў дзяржаўнай улады і грамадскасці.

З віншаваннямі да прысутных звярнуўся і ваенны камісар раёна Віталь Грамніцкі.

Памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, удзельнікі мітынгу ўшанавалі мінутай маўчання, салютам са стралковай зброі, вянкамі і кветкамі.

Пасля мітынгу ўрачыстае мерапрыемства прадоўжылася на цэнтральнай плошчы горада. Высокім патрыятызмам, болем памяці і гонарам за сваю краіну была прасякнута тэатралізаваная кампазіцыя, якую паказалі артысты РЦК і браслаўчане.

Затым святочная калона накіравалася ў Леснічоўку. Шэсце ўзначаліла ўпрыгожаная чырвонымі сцягамі ваенная машына з пераапранутымі ў форму артыстамі. Следам ішлі маладыя барабаншчыцы і выбівалі дроб. Два ветэраны — Павел Бульскі і Юліан Маслоўскі — ехалі на аўтамашыне.

Урачысты канцэрт пачаўся з акцыі «Спяём гімн разам», якая была заклікана падкрэсліць адзінства нашага народа і яго любоў да роднай зямлі. Потым браслаўскія артысты сваімі выступленнямі падарылі ўсім прысутным добры настрой і прыемныя эмоцыі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.