Пра што можна марыць, завязваючы «вільготную» сурвэтку ці цэлафанавы пакет на «Арцы выканання жаданняў»? Фотафакт

Актуальное
Завязаць стужачку і загадаць жаданне — прыгожая традыцыя, якая, на жаль, з часам ператвараецца ў бяздумнае дзеянне накшталт «трэба і мне нешта пажадаць сабе». І нават калі пад рукой няма нітачкі або стужкі, мала каго гэта спыняе.

Чаго толькі не ўбачыш, да прыкладу, на крыніцы Окменіца або «Арцы выканання жаданняў» на «Брукоўцы»! Асабліва ўражвае «вільготная» сурвэтка, цэлафанавы пакет або абрывак незразумелай анучы. Няўжо людзі, якія завязваюць «гэта», рэальна вераць у яго магічную сілу? А між тым вецер, сонца і дождж паступова прыводзяць у непрыдатнасць усю «прыгажосць». Пагадзіцеся, падобнае зусім не ўпрыгожвае наш турыстычны край.

Узнікае пытанне: няўжо складана, збіраючыся на экскурсію па Браслаўшчыне са сваімі гасцямі або адпраўляючы турыстаў на агляд славутасцей, запасціся яркімі стужкамі ці хоць бы папярэдзіць людзей пра такія традыцыі? Магчыма, тады ў справу не ішлі б падручныя рэчы… ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.