Першы ўкос у ААТ «Друйскі» набліжаецца да завяршэння

Экономика и финансы
Сёлетняя спякота прынесла шмат праблем аграрыям, але што датычыцца хуткасці назапашвання кармоў, тут яна прыходзіцца дарэчы. Сухое і цёплае надвор’е дапамагае рыхтаваць травы ў максімальна кароткія тэрміны. Калі звычайна пасля таго, як па полі праехала каса, да закладкі сенажу ў траншэю чакалі больш за суткі, то ў чэрвені гэтага года хапала 8–10 гадзін. Таму корманарыхтоўчы працэс ідзе ў паскораным тэмпе, безумоўна, калі не здараецца непрадбачаных сітуацый.

Хаця нечаканасцю пастаянныя праблемы з тэхнікай у ААТ «Друйскі» не назавеш. Большая частка трактароў даўно адслужыла сваё. Замена дарагіх дэталей ужо не дапамагае. Кожны дзень здараецца новая паломка. Толькі па гэтай прычыне, як расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Бялюн, пакуль лічбы нарыхтаваных на зіму кармоў значна меншыя за мінулагоднія. Але адчайвацца ў гаспадарцы не збіраюцца. Травы першага ўкосу выраслі неблагія. Асабліва радуюць канюшына і люцэрна першага года карыстання.

На трамбоўцы зялёнай масы ў «Друйскім» працуе Мікалай Маслякоў. З «Амкадорам» ён упраўляецца па-майстэрску.

Увогуле дырэктар характарызуе гэтага механізатара як аднаго з найлепшых у гаспадарцы. Мікалай аднолькава добра выконвае любую даручаную яму работу, заўсёды працуе хутка і якасна.

На «зялёным жніве» ў «Друйскім» працуюць два КВК-800, двое граблей і восем адзінак тэхнікі на адвозцы зялёнай масы. Амаль увесь план першай касавіцы на касілцы зрабіў Васіль Шаляпёнак. З граблямі добра ўпраўляецца Сяргей Матушаў. На трамбоўцы заняты два «Амкадоры», на якіх па зменах працуюць тры вадзіцелі. Корманарыхтоўчы атрад складаецца з самых адказных механізатараў. А. Бялюн таксама адзначыў, што амаль не адстаюць ад тых, хто з году ў год выконвае гэтую работу, і людзі, прыцягнутыя на дапамогу гаспадарцы з іншых арганізацый. Напрыклад, з вопытным вадзіцелем КВК Анатолем Дундзерам плячо ў плячо на такім жа камбайне ідзе Віктар Заблоцкі, які працуе ў мясцовай школе.

Ужо сёння баліць галава ў Аляксандра Станіслававіча, як і ў большасці кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна, за другі ўкос. Калі прырода зміласцівіцца з аграрыяў і дождж усё ж такі добра палье палі, то яшчэ можна будзе спадзявацца і на кармы і на зерне. У адваротным жа выпадку хутка пачнуцца перабоі з пашамі, ды і касіць другі раз будзе нечага. Пакуль жа апошнія дажджы і прагнозы сіноптыкаў даюць надзею на рост атавы. Разлічваюць тут і на амаль 500 га кукурузы, якую своечасова прапалолі, і 50 % яе нават удалося падкарміць. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.