Першая ў Віцебскай вобласці тысяча тон збожжа намалочана на Браслаўшчыне

Актуальное Дажынкі-2019 Экономика и финансы
У чацвер вечарам тысячная тона збожжа лягла ў бункер «Нью Холанда» пад кіраваннем Сяргея Зелянкевіча, які ўжо больш за 10 дзён малоціць пшаніцу на палетках «Бярозавага краю».

Механізатар першым на Віцебшчыне і нават адным з першых у рэспубліцы перасягнуў запаветны рубеж. З гэтым дасягненнем С. Зелянкевіча неадкладна павіншавалі старшыня Браслаўскага райвыканкама Аляксандр Баданін і Алег Скрабнеўскі — генеральны дырэктар Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры, у складзе якой цяпер працуе ААТ «Бярозавы край».

Першымі традыцыйна прагучалі словы ўдзячнасці. Высокія госці, не хаваючы эмоцый, прама на полі падзякавалі камбайнеру за шчырую і самаадданую працу, пажадалі яму захавання набранага тэмпу, а таксама ўдачы, якая ў існуючых умовах аграрыям патрэбна заўсёды, і здароўя.

Акрамя цёплых слоў, Сяргей Зелянкевіч атрымаў тэматычны вымпел, карпаратыўную падзяку, грашовую прэмію і наклейку, што сімвалізуе намалот у тысячу тон. Дарэчы, апошнюю камбайнер тут жа размясціў куды трэба — на борт магутнай машыны.

Між іншым, саліднае дасягненне мае ўсе шансы падвоіцца ці таго больш — для гэтага ёсць усе перадумовы. Застаецца далучыцца да віншаванняў і пажадаць «юбіляру», а разам з ім прадпрыемству і раёну, новых вышынь.

Тэкст і фота Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА.