Надзённыя пытанні абмеркавалі ў калектыве Браслаўскага абласнога дзіцячага супрацьтуберкулёзнага цэнтра

Власть и общество
Чарговы адзіны дзень інфармавання насельніцтва прайшоў у калектыве Браслаўскага абласнога дзіцячага супрацьтуберкулёзнага цэнтра. Як заўсёды, у павестцы дня — толькі надзённыя пытанні, каментарыі ад прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці.

Выступленне галоўнага захавальніка фондаў музейнага аб’яднання Міхаіла Кахановіча было прысвечана 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і непасрэдна вызваленчым падзеям на Браслаўшчыне ў той гістарычны момант. Цікавыя звесткі, дакладныя факты дазволілі папоўніць веды прысутных пра ваенныя падзеі ў родным горадзе і раёне.

Прадстаўнік пагранічнай службы Руслан Ветраў нагадаў пра нюансы пагранічнага заканадаўства. У прыватнасці, звярнуў увагу на неабходныя дакументы пры выездзе за мяжу з непаўналетнімі дзецьмі, асноўныя патрабаванні да пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Быць уважлівымі і асцярожнымі пры абыходжанні з агнём, знаходжанні ў месцах адпачынку, а таксама пры купанні прасіў у сваім выступленні намеснік начальніка Браслаўскага РАНС Міхаіл Рыкун. Апошнія трагічныя прыклады зноў і зноў даказваюць, што прычынай няшчасных выпадкаў становіцца алкаголь.

Пра павелічэнне колькасці крадзяжоў, у тым ліку веласіпедаў з пад’ездаў, паведаміў в. а. начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Аляксей Шышканаў. Таксама ён нагадаў прысутным пра выкарыстанне святлоадбіваючых элементаў, правілы паводзін у грамадскіх месцах і месцах масавага адпачынку. Шмат пытанняў, дарэчы, у прысутных выклікала рашэнне ўлад пра купанне ў трох афіцыйна вызначаных кропках. Прадстаўнік праваахоўных органаў падкрэсліў, што падчас купання ва ўстаноўленых месцах за жыццё адпачываючых адказваюць адпаведныя службы, а вось у іншых трэба разлічваць толькі на сябе: у непрызначаных месцах чалавек купаецца пад уласную адказнасць. На заўвагу, што ўладальнікі сабак парушаюць грамадскі парадак і выгульваюць сваіх гадаванцаў у месцах масавага адпачынку людзей (а гэта і сапраўды так), А. Шышканаў паабяцаў абавязкова адрэагаваць і правесці адпаведны рэйд.

Увогуле пытанняў да членаў інфармацыйнай групы было многа: на некаторыя з іх адказы былі дадзены непасрэдна падчас сустрэчы, іншыя — узяты на кантроль. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.