У час падрыхтоўкі да «Дажынак – 2019» у Браславе запланавана добраўпарадкаваць 11 дваровых тэрыторый

Главное Строительство. ЖКХ. Благоустройство
На бягучым рамонце шматкватэрнага жыллёвага фонду, добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый і кантэйнерных пляцовак для цвёрдых камунальных адходаў задзейнічаны каля пяцідзесяці чалавек.

З іх сфарміраваны тры зводныя брыгады рабочых камунальнай службы з трох яе ўчасткаў — Відзаўскага, Слабодкаўскага і Ахрэмаўскага. Усе віды работ зводныя брыгады камунальнікаў выконваюць гаспадарчым спосабам без прыцягнення падрадных арганізацый. Нават асфальтаванне дваровых тэрыторый праводзяць самастойна. Дарожныя арганізацыі аказваюць толькі паслугі спецыялізаванай тэхнікай (каткамі і асфальтаўкладчыкамі), якой няма ў «Браслаў-камунальніку». Гэта дае магчымасць у рамках прадугледжаных асігнаванняў зрабіць больш карыснага для горада і яго жыхароў.

На фота: Рабочыя адной са зводных брыгад укладваюць тратуарную плітку ў двары паміж дамамі № 57 Б і № 65 па вул. Садовай.

Ужо лягло ў дварах больш за 260 тон асфальту. Усяго ж запланавана добраўпарадкаваць за лета 11 дваровых тэрыторый, тры з якіх цалкам здадзены ў эксплуатацыю, а гатоўнасць чатырох іншых складае каля 80 %. Тэрмін завяршэння астатніх — жнівень, а гэта значыць, што камунальнікі апераджаюць лінейны графік планавых работ.

За лета набудуць новы выгляд і ўсе кантэйнерныя пляцоўкі для цвёрдых бытавых адходаў, якіх у горадзе больш за 30: драўляныя абшыюць металапрофілем, бетонныя пафарбуюць у адзіным стылі, на месцы шасці пляцовак увогуле пабудуюць новыя.

Адным словам, нягледзячы на спёку, супрацоўнікі «Браслаў-камунальніка» штодня працуюць напружана з 8.00 раніцы да 18.30 вечара, у тым ліку і ў выхадныя дні.

— Вядома ж, людзі стамляюцца, — кажа дырэктар прадпрыемства Пётр Бялусь, — але, добра разумеючы той факт, што чым лепш выкарыстаюць шчаслівы шанс падрыхтоўкі да абласнога свята працаўнікоў сяла, тым больш карыснага і прыгожага застанецца ў горадзе для саміх сябе і сваіх нашчадкаў, працуюць зладжана, без збояў, хутка, але з належнай якасцю. ■