Месц хопіць усім. У Браславе ідзе прыём дакументаў будучых першакласнікаў у навучальныя ўстановы

Новости
Першы месяц лета нясе браслаўчанам, якія маюць дзяцей, розныя клопаты. Адны думаюць, як найлепш забяспечыць малым адпачынак на канікулах, іншыя з хваляваннем чакаюць вынікаў тэсціравання, ад якіх будзе залежаць паступленне выпускнікоў. Для бацькоў жа шасцігодак настаў момант падаваць дакументы ў школу: іх прыём пачаўся з 12 чэрвеня. І для некаторых гэта нескладаная, здаецца, працэдура набыла асаблівую актуальнасць. Чаму ў нашым невялікім горадзе ўзнік пэўны ажыятаж пры афармленні дзяцей у першы клас, высвятляла «Браслаўская звязда».

Чым звычайна ў нас кіруюцца бацькі пры выбары школы? Пераважаюць такія аргументы, як «самі тут вучыліся», «чулі добрыя водгукі», «зручна дзяцей падвозіць па дарозе на работу». І не ўсе звяртаюць увагу на тое, што ўжо другі год, згодна з заканадаўствам, у І класы ўстановы адукацыі ў першую чаргу прымаюцца дзеці, якія жывуць у яе мікрараёне. Паглядзім, як гэта працуе.

Для лепшага валодання сітуацыяй пастаянна вядзецца ўлік дзяцей па месцы іх жыхарства, а рашэннем райвыканкама за ўсімі школамі замацаваны мікрараёны — вуліцы, шматпавярховыя дамы, вёскі (азнаёміцца з пералікам можна на сайце канкрэтнай установы адукацыі). Акрамя таго, штогод вясной вызначаюцца кантрольныя лічбы прыёму ў першы клас. Яны залежаць, па-першае, ад колькасці дзяцей у мікрараёне, па-другое, ад магчымасцей школы (наяўнасці кабінетаў, педагогаў). Таму кожнаму дзіцяці гарантавана месца за партай. І калі адрас пражывання адпавядае мікрараёну пажаданай школы, то ніякіх пытанняў пры афармленні будучага першакласніка не ўзнікае: прыём дакументаў ідзе з 12 чэрвеня па 28 жніўня, пасля чаго адбываецца залічэнне.

Што ж рабіць бацькам, якія не хочуць весці дзіця ў «сваю» ўстанову адукацыі? Дарэчы, сярод самых частых прычын — наяўнасць у сям’і старэйшага школьніка, які вучыцца ў пэўнай школе, і, зразумела, тату і маме хочацца ўладкаваць туды і меншага. Тым часам магчымасць зрабіць гэта на законнай падставе ў іх ёсць. Плюс у тым, што бацькі маюць права падаць дакументы ва ўстанову адукацыі не па месцы рэгістрацыі — гэты момант будзе зафіксаваны ў спецыяльнай кнізе рэгістрацыі заяў. Але маецца і мінус: даведацца, прынялі дзіця ці не, можна толькі ў апошнія дні жніўня, калі школа вызначыцца з колькасцю будучых вучняў з замацаванага мікрараёна і высветліць, колькі засталося свабодных месц. На іх і будуць браць прэтэндэнтаў, улічваючы чарговасць падачы заяў.

Між тым ва ўстановах адукацыі пастараліся загадзя распаўсюдзіць неабходную інфармацыю: правялі сходы, аформілі на сайтах адпаведныя раздзелы, дзе апублікавалі графікі прыёму дакументаў (штодзённа з 8.00 да 13.00 і з 15.00 да 20.00, а таксама ў суботу). Увогуле ў адміністрацыях гарадскіх школ лічаць праблему неактуальнай для Браслава: кантрольныя лічбы прыёму заўсёды суадносяцца з колькасцю дзяцей, а значыць, кожны першакласнік будзе забяспечаны вучэбным месцам. Пры наяўнасці ж імкнення да ведаў стаць паспяховым, дасягнуць добрых вынікаў можна ў любой установе адукацыі. ■

Жанна БЯЛЬКО.