Як ідзе корманарыхтоўка ў ААТ «Слабодка-агра»

Деньги
Калі глыбока не ўнікаць ва ўсе тонкасці корманарыхтоўкі, то можна толькі парадавацца спрыяльнаму надвор’ю, якое дае магчымасць хутка сушыць сена, закладваць сянаж. А гледзячы з іншага боку, цяперашняя спякота не надта і спрыяльная. І калі бабовыя травы — канюшына, люцэрна — яшчэ не губляюць сваёй кармавой спажыўнасці, то злакавыя перасыхаюць на карані і ў атрыманай масе, акрамя клятчаткі, бадай, нічога і не застаецца.

У гэтым лішні раз пераканалася, калі ехала на сустрэчу з дырэктарам ААТ «Слабодка-агра» Аляксандрам Дзегцяровым. Яшчэ далёка з дарогі ўбачыла зялёныя слупы пылу, якія ўзнімалі працуючыя на палетках КВК. А гэта сведчыць пра тое, што здрабляемая маса перасыхае.

Як пазней апавядаў кіраўнік сельгаспрадпрыемства, нягледзячы на пэўныя праблемы, ходам корманарыхтоўкі можна быць задаволеным. Больш як з паловы плошчаў, адведзеных пад першы ўкос, ужо назапашана 252 тоны сена і 4 131 сенажу, з якога 270 т зарулонена ў палімерную плёнку.

— Сёлета, — расказваў Аляксандр Уладзіміравіч, — нам удалося арганізаваць работу двума асобнымі мехатрадамі. Адзін, з касілкай, граблямі і трыма прэсамі, рыхтуе сена. Другі — а гэта 2 КВК, трое граблей, 6 адзінак на адвозцы — закладвае сянаж. Колькасць касілак выпраўляецца па меры неабходнасці. А сфарміраваць такія атрады ўдалося з дапамогай суседняга аграсэрвіса, дзе для самастойнай работы тэхнікі не хапае і на адзін атрад, таму будзем працаваць разам на палетках абедзвюх гаспадарак. Кадры механізатараў папоўнілі ДЭУ-34, ЖКГ і «Браслаўпалівазбыт». А яшчэ на дапамогу трактар з механізатарам выдзеліў дом-інтэрнат для састарэлых. Са сваіх кадраў у склад механізатараў уключылі толькі самых вопытных і надзейных людзей, якія ўмеюць працаваць не шкадуючы сілы і ў любы момант могуць падмяніць адзін аднаго на кожным з працуючых агрэгатаў.

Ужо некалькі гадоў запар у ААТ «Слабодка-агра» кармоў нарыхтоўваюць з запасам. Вось і пасля мінулай зімоўкі засталося тры траншэі сенажу, а гэта каля 2 000 т, ды яшчэ нямала ў рулонах. Таму сёлетнія аб’ёмы гэтага віду фуражу скарацілі. У асноўнай масе сянаж закладваюць з люцэрны, вырошчваннем якой гаспадарка займаецца сур’ёзна, шмат эксперыментуе. Напрыклад, раней у насенне падмешвалі злакавыя. Але як паказала практыка, у засушлівыя гады пасля першага ўкосу люцэрна звычайна абганяе ў росце іншыя культуры і другі ўкос атрымліваецца разрэджаным. Таму вырашылі сеяць яе толькі ў чыстым выглядзе і спадзяюцца атрымаць тры паўнацэнныя ўкосы, а восенню яшчэ і на два страўліванні жывёлай хопіць.

Нічога новага ў арганізацыі працы, па словах кіраўніка, прыдумваць не прыходзіцца. Працэс адладжаны, кожны з механізатараў добра ведае сваю справу. Адзінае, па чым кожную раніцу баліць галава дырэктара, каб не здарылася сур’ёзных паломак тэхнікі, бо ніякіх запасаў для яе рамонту, як і ў большасці гаспадарак, няма, як няма і значных абаротных сродкаў. У такім выпадку адна надзея толькі на партнёра — Полацкі КХП, які дапамог падрыхтаваць тэхніку да зялёнага жніва, набыць ГЗМ і прадукты для прыгатавання абедаў механізатарам. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.