На Браслаўшчыне 78 ветэранаў і былых вязняў атрымаюць юбілейныя медалі і паштоўкі ад Прэзідэнта Беларусі

Новости

На фота: Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка, пракурор раёна Юрый Кезік і старшыня Ахрэмавецкага сельсавета Дзіяна Тарун віншуюць былога малалетняга вязня Леакадзію Каралевіч.

Да ўрачыстасцей, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, засталося менш за месяц. З нагоды свята ў раёне, як і па ўсёй краіне, праходзіць уручэнне спецыяльных узнагарод ад Прэзідэнта краіны — юбілейнага медаля і віншавальнай паштоўкі ў выглядзе трохкутніка.

Як паведаміў раённы ваенны камісар Віталь Грамніцкі, у адпаведнасці з указам у Браслаўскім раёне такіх узнагарод удастоены 78 чалавек: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месц прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны.

Усіх гэтых удзельнікаў і сведкаў страшнай вайны наведалі спецыяльна створаныя групы, у склад якіх уваходзілі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, раённага ваеннага камісарыята, пракуратуры, міліцыі і раённага савета ветэранаў. Падчас уручэння юбілейных узнагарод і віншавальнай паштоўкі ў адрас віноўнікаў урачыстасці гучалі словы ўдзячнасці за мужнасць і адвагу, праяўленую імі ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі, і пажаданні сустрэць слаўную дату ў добрым здароўі. Ветэраны ў сваю чаргу падчас сустрэчы выказвалі шчырую падзяку кіраўніцтву краіны і мясцовай уладзе за ўвагу і клопат пра іх. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.