Дзень сельсавета прайшоў у аграгарадку Ахрэмаўцы

Новости
Дзень сельсавета ў сераду прымаў аграгарадок Ахрэмаўцы. Дарэчы, мерапрыемствы падобнага кшталту ўжо трывала ўвайшлі ў практыку мясцовага самакіравання і, трэба адзначыць, заўсёды даюць эфектыўныя вынікі. Акрамя старшыні райсавета Ніны Пучынскай, старшынь сельсаветаў і кіраўнікоў некаторых аддзелаў райвыканкама і раённых арганізацый, удзел у рабоце прыняў і старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін. Форма цесных зносін з наведваннем шэрагу аб’ектаў дазволіла калегам убачыць і паглыбіцца ў сутнасць многіх сацыяльных праблем.

Аднак асноўным пытаннем павесткі дня было ўсё ж такі добраўпарадкаванне на тэрыторыі Ахрэмавецкага сельсавета. Трэба адзначыць, што ў якасці прымаючага боку такіх мерапрыемстваў аграгарадок выбіраецца неаднаразова і невыпадкова: за апошнія гады Ахрэмаўцы значна папрыгажэлі, таму, несумненна, могуць выступаць як станоўчы прыклад па навядзенні парадку на зямлі. Хоць, безумоўна, не абыходзіцца без праблемных момантаў.

У гаспадарчым падыходзе да справы ўдзельнікі мерапрыемства змаглі ўпэўніцца ўжо на першым аб’екце ў вёсцы Азяраўцы, які давялося наведаць. Для вясковых людзей прыезд аўталаўкі — гэта цэлая падзея. Падчас чакання машыны можна абмеркаваць навіны і набалелае. Таму з нядаўняга часу ў Азяраўцах пры з’ездзе з рэспубліканскай дарогі пры непасрэднай падтрымцы Фонду міру, які выдзеліў 960 руб., з’явілася лаўка з навесам. Тут можна адпачыць, схавацца ад дажджу ці сонца. Людзі пацвярджаюць, што новаўвядзенне патрэбнае і апраўданае, бо аўталаўка прыязджае 4 разы на тыдзень. Старшыня сельсавета дапаўняе: занадта вялікіх сродкаў не затрацілі, а справу добрую зрабілі. Побач Дзіяна Тарун звяртае ўвагу на адрамантаваныя і пафарбаваныя паштовыя скрыні і такія ж агароджы праз дарогу. Падкрэслівае, што ўсё робіцца сіламі сельсавета, арганізацый і насельніцтва.

Яскравым прыкладам такога ўзаемадзеяння ў поўнай меры можа выступаць месца грамадскага адпачынку па вуліцы Летняй. Ахрэмаўскія жыхары добра памятаюць, як яно выглядала гады тры таму назад: звычайнае зарослае балота на скрыжаванні ў самым цэнтры аграгарадка. Цяпер ад былой балоцістай нізіны няма і знаку. Агароджаная сажалка, клумбы, зона свабоднай бібліятэкі, дзіцячая пляцоўка, на дубе — амаль пушкінскі кот… Месца «Ля млына» ці «Ля ката» стала любімым для ахрэмаўчан, тым больш што многія прыклалі да добраўпарадкавання гэтай зоны свае рукі. Цікава, што такое пераўтварэнне хоць і патрабавала шмат працы і сіл, аднак мінімум фінансавых выдаткаў. Менавіта на сумесную зладжаную работу старшыні сельвыканкама, супрацоўнікаў прадпрыемстваў і арганізацый падчас добраўпарадкавання свайго куточка малой радзімы звярталі ўвагу старшыні райсавета і райвыканкама.

Такой жа закінутай была раней і пляцоўка ў парку «Бяльмонт». Зноў-такі разам з насельніцтвам улада надала ёй другое дыханне. Цяпер гэта таксама ўпадабанае месца вяскоўцаў і вядомы ўсім адрас правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Напрыклад, у мінулым годзе брэндавае свята аграгарадка сабрала больш за 1 000 жыхароў. Яшчэ адным прыкладам утрымання зямлі ў прыгажосці і парадку для ўдзельнікаў мерапрыемства стала аграсядзіба «Разэта».

На сваіх участках былыя мінчане змаглі навучыцца працаваць на зямлі і зрабілі сапраўдны аазіс. Газон, акуратныя пабудовы, малыя архітэктурныя формы, агарод, пірс — усюды бачна рука гаспадароў. Прапануючы сваю прыгажосць, утульнасць і гасціннасць, сям’я мае яшчэ і неблагі даход ад шматлікіх беларускіх і іншаземных турыстаў. І нічога незвычайнага: штодзённая праца, догляд і любоў да зямлі даюць права лічыцца адной з лепшых аграсядзіб на Браслаўшчыне і ў рэспубліцы.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі таксама музычную школу. Тут невялікаму калектыву заўсёды ўдаецца падтрымліваць ідэальны парадак на сваёй тэрыторыі. Сёлета ва ўстанове з’явіўся доўгачаканы санвузел, а ўвогуле ўмовы для дзяцей і педагогаў створаны зручныя і камфортныя.

Прывабна выглядае і Ахрэмаўская школа, дзе радуе вока дагледжаная, хоць і вялізная прылягаючая тэрыторыя, сам будынак і тэматычныя кабінеты ў ім. Нягледзячы на летні час, навучэнцы не прапусцілі магчымасці паказаць свае таленты — артыстычныя і спартыўныя.

Падводзячы вынікі дня сельсавета, свае погляды ў плане арганізацыі далейшай работы выказалі кіраўнікі мабільных груп, якія працавалі ў населеных пунктах непасрэдна перад правядзеннем мерапрыемства. Асноўныя праблемы, якія тычацца і іншых сельсаветаў, аднатыпныя: абкошванне дарог і аб’ектаў, развіццё сельгаспрадпрыемства, ліквідацыя несанкцыянаваных звалак — словам, падтрыманне агульнага парадку на зямлі. Старшыня райсавета Ніна Пучынская адзначыла, што мэта такіх выязных мерапрыемстваў — вызначыць праблемы на месцах і знайсці рашэнне пытанняў у інтарэсах насельніцтва і разам з ім. Менавіта на свядомых кіраўнікоў арганізацый, на моцных гаспадароў, добрасумленных старэйшын абапіраецца ў сваёй дзейнасці старшыня сельсавета Дзіяна Тарун. Так, і пры абмежаваных сродках можна дабіцца значных вынікаў. Старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін у сваю чаргу прасіў не замоўчваць праблемы, цікавіцца патрэбамі і бачыць настрой мясцовых жыхароў, аднак не пакідаць людзей безуважлівымі да жыцця сельсавета, а актыўна далучаць іх да навядзення парадку на нашай агульнай зямлі. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.