У Браславе валанцёры Чырвонага Крыжа бясплатна раздаюць ваду

Новости
Звычайна чэрвень не надта песціць беларусаў бясхмарным надвор’ем, сёлета ж б’е ўсе тэмпературныя рэкорды. У такія па-сапраўднаму гарачыя дні Таварыства Беларускага Чырвонага Крыжа праводзіць штогадовую акцыю «Спякота» і поіць тых, хто пакутуе ад смагі, у прамым сэнсе гаючай вадой. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прымае і браслаўская раённая арганізацыя.

Калі тэмпература паветра трымаецца вышэй за +28 на працягу трох дзён запар, валанцёры і супрацоўнікі БТЧК разам з іншымі зацікаўленымі арганізацыямі пачынаюць сваю дабрачынную місію: раздаюць пітную ваду і аказваюць першую дапамогу людзям, якія церпяць ад уздзеяння спякотнага надвор’я. Каб дапамагчы пацярпелым, актывісты ЧК звычайна выпраўляюцца ў рэйды на пагранічныя пераходы, дзе ствараюцца аўтамабільныя чэргі, дзяжураць у месцах, у якіх людзі вымушаны знаходзіцца пад адкрытым небам, дастаўляюць пітную ваду адзінокім пажылым, ратаўнікампажарным і будаўнікам.

Дарэчы, дзяжурства на патэнцыяльна «сухіх» аб’ектах у Браслаўскім раёне пачалося яшчэ на мінулым тыдні. На пачатку ж гэтага спякота крыху спала, але неўзабаве зноў вярнулася. Разгар дня, на тэрмометры — +26 градусаў, а на сонцы — усе 30 з хвосцікам. Разам з в. а. старшыні раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Жаннай Скур’ят апранаем майкі валанцёраў і выпраўляемся ў горад ратаваць ад спякоты будаўнічыя брыгады, якія падчас падрыхтоўкі да «Дажынак» выраслі ў Браславе, як грыбы пасля дажджу. Таму і — шукаць змучаных смагай, вядома, доўга не прыходзіцца. Рабочыя сустракаюць валанцёраў радасна і з ахвотай падыходзяць на імправізаваны «вадапой». Працаваць цэлы дзень пад сонцам на вышыні шматпавярховага дома, выраўноўваць газон ці ўкладваць плітку або асфальт — выпрабаванне не з лёгкіх. Будаўнікі прызнаюцца: прахалодная вада — тое, што патрэбна ў такое надвор’е. На развітанне людзі дзякуюць і просяць прыязджаць яшчэ. За некалькі гадзін больш за 200 літраў пітной вады знайшлі сваіх адрасатаў і літаральна выратавалі рабочых ад смагі.

Што рабіць, калі чалавек побач з вамі атрымаў цеплавы ўдар?

• размясціце пацярпелага ў прахалоднае і зацененае месца;

• дапамажыце прыняць зручную паставу (гарызантальна ці паўседзячы);

• дайце папіць прахалоднай вады;

• ахалоджвайце цела пацярпелага з дапамогай мокрых халодных кампрэсаў;

• расшпіліце цесную вопратку;

• калі бачыце пагаршэнне здароўя пацярпелага — выклікайце «хуткую дапамогу» па нумарах 103 ці 112. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.